Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская эліта прызнала Мілінкевіча адзіным кандыдатам ад апазыцыі


Радыё Свабода Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (Вільня) апублікаваў вынікі апытаньня лідэраў грамадзкай думкі і экспэртаў з дзяржаўнага і недзяржаўнага сэктараў адносна будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Сацыёлягі засьведчылі, што беларуская эліта жадае пераменаў і лічыць Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам ад аб’яднанай апазыцыі.

Пераменаў жадаюць 78 % апытаных экспэртаў зь дзяржаўнага сэктару і 93 % – зь недзяржаўнага. Пры гэтым, калі ў дзяржсэктары не губляюць надзеі, што дзейны кіраўнік краіны можа зьмяніць афіцыйны курс, то недзяржаўныя лідэры разьлічваюць толькі на зьмену прэзыдэнта.

Аднак надзвычай высокі лік апытаных прадстаўнікоў беларускай эліты, як з дзяржаўнага, так і зь недзяржаўнага сэктараў, мяркуе, што выбары 19 сакавіка ня будуць вольнымі і справядлівымі – адпаведна 60 % і 93 % апытаных.

Пры гэтым 25 % апытаных прадстаўнікоў беларускай эліты (у тым ліку 42 % зь недзяржаўнага сэктару) мяркуе, што на прэзыдэнцкіх выбарах беларусы падтрымаюць Аляксандра Мілінкевіча.

Такім чынам сацыёлягі робяць выснову аб тым, што беларуская эліта адзіным кандыдатам ад апазыцыі лічыць спадара Мілінкевіча.

Аляксандар Мілінкевіч мае лепшыя паказчыкі сярод апазыцыйных прэтэндэнтаў і ў агульнанацыянальным сацыялягічным апытаньні – яшчэ ў сьнежні ў пары з Лукашэнкам за яго былі гатовыя прагаласаваць 18 % апытаных. Пры гэтым рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі заставаўся высокім –52,6 % – зазначыў кіраўнік НІСЭПД Алег Манаеў, спасылаючыся на вынікі сьнежаньскага агульнанацыянальнага апытаньня.

(Манаеў: ) “Відавочна, што Аляксандар Лукашэнка застаецца галоўным гульцом на электаральным полі. Прычым ягоны рэйтынг практычна не мяняецца пры любых камбінацыях. Па-другое, ён галоўны, але ўжо не адзіны гулец”.

Паводле прафэсара Манаева, прыхільнікі пераменаў для атрыманьня станоўчага выніку мусяць кансалідаваць свае намаганьні, і Аляксандар Мілінкевіч мае большыя шанцы для гэтага, паколькі электарат іншых кандыдатаў гатовы за яго прагаласаваць у найбольшай ступені. Параўноўваючы электарат Лукашэнкі і Мілінкевіча, прафэсар Манаеў прыйшоў да высновы:

(Манаеў: ) “Другі Аляксандар, я маю на ўвазе Мілінкевіча, прадстаўляе і другую Беларусь – ня ён сам асабіста і ягоная каманда – а тыя, хто за ім стаіць і хто зьвязвае зь ім нейкія чаканьні. Што гэта за людзі? Актыўна думаючая, працуючая Беларусь, якую не задавальняе цяперашняе становішча і якая імкнецца да лепшай будучыні для сваіх дзяцей і сваёй краіны”.
XS
SM
MD
LG