Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто засьведчыць подпісы, калі раённыя адміністрацыі не працуюць?


Радыё Свабода Гомельскія зборшчыкі подпісаў за Мілінкевіча і Фралова ўвечары ня могуць заверыць у раённых адміністрацыях подпісы выбарцаў. Працоўны час у чыноўнікаў, якія маюць права спраўджваць подпісы і ставіць пячатку, заканчваецца ў 17 гадзінаў 30 хвілінаў. Абяцалі былі працаваць яшчэ паўтары гадзіны, але сустрэць кіраўніка справаў зь пячаткаю пасьля паловы на шостую цяжка. У суботу яны таксама не працуюць, дзяжураць толькі чальцы тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, якія прымаюць завераныя подпісы выбарцаў.

Кіраўнік рэгіянальнага штабу Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Кацора сьцьвярджае, што ўвечары ў раённых адміністрацыях зборшчыкам практычна немагчыма заверыць подпісы, як таго вымагае выбарчае заканадаўства:

(Кацора: ) “Сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча ў гэтыя дні сутыкнуліся з тым, што немагчыма заверыць падпісныя лісты. Калі яны прыяжджаюць пасьля працы ў шэсьць гадзінаў, то ў адміністрацыі няма нікога, хто мог бы свой подпіс паставіць і на яго пячатку, хаця нас запэўнівалі, што ў працоўны дзень з 10 да 19 гадзінаў гэту працэдуру можна зрабіць. А ў суботу з 10 да 14 гадзінаў у адміністрацыях нехта будзе, ён спраўдзіць лісты, і можна будзе паставіць пячатку”.

Паводле суразмоўцы, у мінулую суботу заверыць лісты зборшчыкам подпісаў не ўдалося ў адміністрацыях Навабеліцкага, Савецкага раёнаў. У Чыгуначнай адміністрацыі дзяжурыў намесьнік кіраўніка, але не было каму прыкласьці пячатку да яго подпісу на лістах.

Кіраўніца спраў адміністрацыі Навабеліцкага раёну Тацяна Мікуліч прэтэнзіяў зборшчыкаў подпісаў не прымае:

(Мікуліч: ) “Няхай пачытаюць пастанову Цэнтравыбаркаму і расклад. У суботу мы не завяраем подпісаў. У працоўныя дні, калі ласка, да 18 гадзінаў, як і належыць. Субота была абвешчана непрацоўным днём”.

Каардынатар групы генэрала Фралова Леанід Невар з Рэчыцы распавёў пра свой досьвед спраўджваньня подпісаў у адміністрацыі Савецкага раёну Гомелю:

(Невар: ) “Мы прыйшлі ў адміністрацыю ў 18.40, каб заверыць падпісныя лісты. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі быў на месцы, ён свой подпіс паставіў. Я першы пайшоў шукаць таго, хто пячатку паставіць. За дзесяць хвілінаў да сямі гадзінаў вечара кіраўніцы справаў Тамары Грышчанкі, у якой знаходзіцца пячатка, не было на працоўным месцы”.

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Мікалай Малы кажа на гэта:

(Малы: ) “У адміністтрацыі заўсёды хтосьці ёсьць. У каго прыём па асабістых пытаньнях, тыя і працуюць. А пячатка — у кіраўніцы справаў, яна працуе ў свой час”.
XS
SM
MD
LG