Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ахову магістральных трубаправодаў у Беларусі не хапае людзей


Радыё Свабода Два выбухі на адным з участкаў газаправоду ў Грузіі пакінулі безь цяпла дзясяткі тысяч людзей у гэтай краіне і ў суседняй Армэніі. Гэта ўжо ня першы тэракт на магістральных трубаправодах у Закаўказьзі, што кожны раз дае падставу казаць пра недасканалую сыстэму аховы важных стратэгічных аб’ектаў.

А як ахоўваюцца тысячы кілямэтраў газа- і нафтаправодаў у Беларусі? Ад рэгулярнасьці паставак газу, асабліва зімой, залежыць тэмпэратура ў дамах ня толькі беларусаў, але і заходніх эўрапейцаў.

Праз тэрыторыю Беларусі пралягае некалькі транзытных шляхоў, якія зьвязваюць буйныя сыравінныя крыніцы Расеі са спажыўцамі Цэнтральнай і Заходняй Эўропы. Перадусім, гэта магістральны газаправод “Ямал—Эўропа”, экспартныя нафтаправоды “Дружба” і “Самара—Вэнтсьпілс”, прадуктаправоды, на долю якіх прыпадае каля 70% расейскіх паставак энэргарэсурсаў. Паводле статыстыкі, агульная даўжыня гэтых “артэрыяў” перавышае сем тысяч кілямэтраў. Апроч таго, на тэрыторыі Беларусі разьмешчаныя два падземныя сховішчы газу — Асіповіцкае і Прыбускае.

Якія ведамствы адказваюць за бясьпеку гэтых стратэгічных аб’ектаў? Прадстаўнік Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык сказаў, што ў мірны час ведамства не займаецца аховай цывільных аб’ектаў.

(Раменьчык: ) “Міністэрства абароны не займаецца пытаньнямі аховы дзяржаўных аб’ектаў у мірны час. У ваенны пэрыяд — справа іншая. Дзеля гэтай мэты адмыслова створаныя войскі тэрытарыяльнай абароны, адна з функцыяў якіх — ахова важных дзяржаўных і ваеных аб’ектаў. У мірны час на нас такая функцыя не ўскладаецца, мы ахоўваем толькі свае аб’екты”.

Фармальна аховай нафта- і газаправодаў займаецца Міністэрства ўнутраных справаў. Аднак у ведамстве паведамілі, што, каб узяць пад кантроль кожны кілямэтар трубаправодаў, трэба было б мабілізаваць ледзьве ня ўвесь асабовы склад міліцыі.

9 студзеня 2002 году быў прыняты закон “Аб магістральным трубаправодным транспарце”. Выратавальныя функцыі ім ускладзеныя на Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Як паведамілі ў згаданым міністэрстве, у структуры ведамства ўтвораныя аб’ектавыя і галіновыя прафэсійныя аварыйна-ратавальныя падразьдзяленьні агульнай колькасьцю 600 чалавек. Апроч гэтага, да ратаваньня людзей абавязаныя далучыцца ратавальнікі на водах і адмыслова падрыхтаваныя супрацоўнікі “Белтрансгазу”, канцэрну “Белнафтахім”, Міністэрстваў аховы здароўя, энэргетыкі і шэрагу іншых.

Адзіны выпадак афіцыйна не даказанага “тэракту” ў Беларусі – выбух на ўчастку газаправоду пад Слуцкам у пачатку 1990-х. Адказнасьць за яго ўзяло на сябе так званае “Беларускае вызвольнае войска”, нават тэарэтычнае існаваньне якога сілавыя структуры адмятаюць. А вось тэхнічныя аварыі на газаправодах здараюцца часта: сьведкамі вогненных сполахаў сталі жыхары шмат якіх вёсак, побач зь якімі праходзяць ніткі газаправодаў.

Апроч тысяч кілямэтраў магістральных трубаправодаў, пракладзеных па тэрыторыі Беларусі, у краіне эксплюатуецца паўтысячы аб’ектаў, якія захоўваюць і выкарыстоўваюць у вытворчасьці больш за дваццаць відаў моцнадзейных атрутных рэчываў.
XS
SM
MD
LG