Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэклярацыі прэтэндэнтаў: чым валодаюць Гайдукевіч, Казулін, Лукашэнка?


Радыё Свабода Разам з подпісамі на карысьць свайго вылучэньня прэтэндэнты на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 19 сакавіка мусяць падаць дэклярацыі аб даходах і маёмасьці – уласных і сваіх бліжэйшых родзічаў.

Ужо цяпер яны пачынаюць клапаціцца пра падрыхтоўку адпаведных дакумэнтаў, наведваюць падатковыя інспэкцыі, Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі, ДАІ.

Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта ў большасьці сваёй маюць даволі сьціплыя даходы і нерухомасьць, яны не валодаюць акцыямі прадпрыемстваў, не зьяўляюцца заснавальнікам камэрцыйных фірм. Крыху багацейшы за іншых Сяргей Гайдукевіч, які мае вайсковую пэнсію ў памеры 530 тысяч рублёў і заробак ў Палаце прадстаўнікоў – 1 мільён 700 тысяч рублёў за месяц. Усяго Сяргей Гайдукевіч мусіць падаць у ЦВК 9 дэклярацый на сябе і блізкіх родзічаў. Паколькі аналягічныя дакумэнты ён рыхтаваў да выбараў 2001 году, то на складаньне дэклярацый цяпер яму не трэба шмат часу, тым больш што ніякіх зьменаў у складзе маёмасьці і ў яго, і ў сваякоў за гэты час не было, – паведаміў спадар Гайдукевіч. З 1994 года Сяргей Гайдукевіч жыве ва ўласным доме пад Менскам:

(Гайдукевіч: ) “Я тут жыву, у мяне болей нічога няма, звычайны домік – унізе два пакоя і наверсе тры, тут няма ні басэйна, нічога. Ён стаіць сярод вясковых дамоў у Сёмкаве – цагляны двухпавярховы дом узору 1994 года. Тут усё вельмі маленькае”.

Спадар Гайдукевіч мае адну машыну – шасьцігадовы “Лексус” , але мусіць задэкляраваць яшчэ 4 машыны, што даўно прадаў, але якія так і не былі зьнятыя з уліку ў ДАІ.

Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат Аляксандар Казулін пакуль не рыхтаваў дэклярацыяў:

(Казулін: ) “Мне і дэкляраваць асабліва няма чаго: ні дач, ні кватэр, акрамя той, у якой жывем, няма, ні нейкай маёмасьці, нажытай сумленным ці несумленным шляхам… Таму мне дэкляравацца вельмі проста”.

Аляксандар Казулін мае чатырохпакаёвую кватэру ў Менску, незасвоены зямельны ўчастак за горадам, сам карыстаецца машынай сябра, у ягонай жонкі ёсьць свая машына. Машыну мае і старшая дачка, бацькі Казуліна маюць двухпакаёвую кватэру, а бацькі ягонай жонкі маюць дом у Дзяржынску і старэнькі “Масквіч”.

За мінулы год Аляксандар Казулін ня меў ніякіх даходаў, жыў за кошт ранейшых ашчадкаў, пасьля звальненьня з пасады рэктара БДУ ён беспрацоўны.

Аляксандар Лукашэнка неяк упікнуў сваіх патэнцыйных канкурэнтаў на выбарах, што яны беспрацоўныя. Аляксандар Казулін на гэта зазначыў, што асабіста ён быў выбраным рэктарам, якога А. Лукашэнка звольніў незаконна:

(Казулін: ) “Ён гэтай працы і пазбавіў… Больш таго, ён даў каманду, каб і працу нідзе не давалі. Хоць афіцыйна забароны няма, але люстрацыя на прафэсію ў нас ёсьць відавочная”.

Спадар Казулін паведаміў, што мае праблемы з працаўладкаваньнем і ягоная дачка,– менавіта з-за яе сваяцкіх сувязяў з былым рэктарам БДУ.

Даведацца, чым валодае сам Аляксандра Лукашэнка, вельмі цяжка. У 2001 годзе пад час выбарчай кампаніі ён задэкляраваў дом у вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёна, матацыкл і прэзыдэнцкі заробак.
XS
SM
MD
LG