Лінкі ўнівэрсальнага доступу

400 тыс. беларусаў працуюць за мяжой


Радыё Свабода Агляд некаторых выданьняў недзяржаўнай прэсы

“Беларускі крыж,” – у артыкуле пад такім загалоўкам эканаміст Леанід Злотнікаў друкуе ў тыднёвіку “Белорусы и рынок” шэраг артыкулаў аб сацыяльна-эканамічным стане краіны. “Узровень жыцьця й сацыяльнай абароны ў Беларусі ніжэйшыя, чым у суседніх краінах, якія ўзялі кірунак на рашучую лібэралізацыю эканомікі,” – галоўная выснова артыкула. Некалькі лічбаў: летась сярэдні заробак у Беларусі склаў 220 USD, у Летуве — 460 USD, у Польшчы – 780 USD. Дапамога па беспрацоўі ў Беларусі складае 17 даляраў, у Польшчы – 240, у Латвіі – 60-90% сярэдняга заробку.

“Беларуская статыстыка нікуды не ўключае каля 700 тыс. працаздольнага насельніцтва. Невядома, чым яно займаецца. Сусьветны банк сьцьвярджае, што за мяжою працуюць каля 400 тыс. беларусаў, якія прывозяць у краіну каля мільярда даляраў штогод”. 56% працуючых атрымлівалі ў 2005 г. заробак, меншы за 400 тыс. рублёў, у той час як афіцыйныя заробкі чыноўнікаў розных узроўняў у 1,5-5 разоў вышэйшыя.

“Сапраўдная барацьба разгорнецца пасьля выбараў,” – сьцьвярджае палітычны аглядальнік “БР” Паўлюк Быкоўскі ў артыкуле “Сумная кампанія. Вясёлыя вынікі?”.

Віктар Марціновіч у тыднёвіку “Белгазета” піша, што ў Дзятлаве па званку пільнага грамадзяніна групу Аляксандра Мілінкевіча атачылі міліцыянты з аўтаматамі. ”У грамадзтве пануе настрой, калі частка яго ўспрымае звычайную палітычную працу як злачынства. У галаве такога грамадзяніна ёсьць думка: усе, хто выступае супраць Лукашэнкі – ворагі, якіх трэба лавіць і выпраўляць”.

“Як не абмарозіцца?” – на гэтае пытаньне адказвае хірург Міхаіл Галіноўскі. “Цесны абутак, адсутнасьць вусьцілкі, брудныя вільготныя шкарпэткі часта выклікаць пацёртасьці і абмаражэньні”. Таксама часта абмарожваюцца і падпітыя людзі, бо ўпадаюць у зман, што ім горача. На самой справе, тэмпэратура падпітага чалавека ніжэйшая, чым у цьвярозага. Прытым нельга расьціраць моцна адмарожаныя тканкі – іх можна папросту паламаць, асабліва вушы.”

“Брестская газета” зазначае: новыя правілы паступленьня ў ВНУ могуць выклікаць напружаньне. Кіраўнік дзяржавы можа падпісаць правілы ўжо на гэтым тыдні. Паводле іх, зноў уключаецца сярэдні бал атэстату, адмяняецца платнае дадатковае тэставаньне. Уступныя іспыты ў ВНУ будуць праходзіць адначасова, а не ў дзьве плыні, як раней. Дэпутаты ПП НС прапануюць увесьці новыя правілы пасьля 1 верасьня, бо яны могуць выклікаць напружаньне ў грамадзтве.

На мінулым тыдні “Інформ-прагулка” з Лунінца пісала аб нізкай якасьці пітной вады на Палесьсі. Гэтым тыднем “Брестская газета” пярэчыць: дзякуючы праграме “Чыстая вада”, вада на Берасьцейшчыне стала чысьцейшая, вадаправоды й водазаборы псуюцца ў 2-3 разы радзей, чым 5 год таму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG