Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маразы зборшчыкам подпісаў – не перашкода


Радыё Свабода Ці не перашкодзілі моцныя маразы выбарчай кампаніі? Ці працавалі сябры ініцыятыўных груп у выходныя, калі тэмпэратура ў Беларусі была ніжэй за 25 градусаў?

Па кватэрах зборшчыкі подпісаў у выходныя хадзілі, як звычайна, а вось пікеты са шматлюдных месцаў сталіцы, ад ГУМу, ЦУМу перамясьціліся ў падземныя пераходы. Гутару з сябрам ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча.

(Карэспандэнтка: ) “На двары мінус 24, але тут, у пераходзе на станцыі мэтро Усход, ідзе збор подпісаў. Ці не замарозілася, так бы мовіць, актыўнасьць людзей?”

(Спадар: ) “Не, людзі, якія хочуць падпісацца, падыходзяць, як і тыдзень – два таму. Сёньня проста людзей на вуліцы менш, і таму і колькасьць падпісантаў менш”.

(Карэспандэнтка: ) “Можна неяк вызначыць электарат – тых, хто падпісваецца за Мілінкевіча?”

(Спадар: ) “Мне вельмі падабаецца, што падпісанты вельмі разнастайныя, гэта і моладзь, і студэнты, людзі сярэдняга ўзросту, таксама бабулі, дзядулі, пэнсіянэры, якія цікавяцца грамадзка-палітычным жыцьцём. Яны падыходзяць, пытаюцца, хто ня ведае. Амаль заўсёды падпісваюцца”.

У падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа, як звычайна, стаяць тры пікеты – зьбіраюць подпісы за Зянона Пазьняка, Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча.

(Карэспандэнтка: ) “Ці падпісваюцца людзі? Як вы самі вытрымліваеце на марозе?”

(Спадар: ) “Так, падпісваюцца. З паўсотні бывае за паўдня, хто жадае, той падпісваецца”.

(Хлопец: ) “Людзей, можа, крышку і менш стала, але не нашмат. Вытрымліваем! Засталося два-тры дні, трэба адпрацаваць”.

(Карэспандэнтка: ) “А самі неяк саграваецеся ці не?”

(Хлопец: ) “Выходжу ў бліжэйшы гастраном гарбаты папіць кожныя 2 гадзіны”.

(Карэспандэнтка: ) “Сёньня значна менш людзей у пераходзе перад Камароўкай, чым у іншыя выходныя. За дзень колькі прыкладна подпісаў зьбіраеце?”

(Хлопец: ) “Учора з 12-ці да шостай вечара 75 подпісаў. За шэсьць гадзін у вы’адны дзень. Гэта нармалёва”.

У Віцебску маразы яшчэ мацнейшыя: там было нават ніжэй за 30 градусаў. Але, як паведаміў сябра ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча Хрыстафор Жаляпаў…

(Жаляпаў: ) “Збор подпісаў ідзе і будзе працягвацца да апошняга дня. Адзінае, чым нам марозы перашкодзілі – у Віцебску мы не выстаўляем на вуліцы пікеты. Хаця мне сёньня тэлефанавалі зь Лепеля, нашы хлопцы на рынку і яшчэ ў двух шматлюдных месцах зьбіраюць подпісы. Я сам нават зьдзівіўся і кажу: “Што ж, героі ёсьць героі”. Але мы не выстаўляем пікеты ў маразы. А па хатах людзі ходзяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG