Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ад маразоў пацярпелі ўжо больш як 120 чалавек


Радыё Свабода Надвор’е ў Беларусі працягвае дасягаць тэмпэратурных рэкордаў. Паводле Рэспубліканскага гідрамэтэацэнтру, сёньня ўначы слупок тэрмомэтра апускаўся да мінус 26. Як даводзяць сыноптыкі, рэкордны мінімум быў зафіксаваны роўна 99 гадоў таму (у 1907), і тады ён складаў мінус 29,5 градусаў.

З чаго пачынаецца марозны панядзелак у Менску? Вядома, са спадзяваньняў хутчэй дабрацца да месца працы.

Паводле міліцэйскага ўліку, у Менску больш як 400 тысяч жыхароў маюць легкавыя аўтамабілі. Аднак, моцныя маразы ў апошнія дні зрабілі практычна нерухомым гэта прыватны транспарт – асабліва “Волгі”, “Масквічы” ды іншамаркі, якія старэйшыя за 5-6, а тое і больш гадоў. Напрыклад, у мяне тыповая зьява – акумулятар быццам бы яшчэ паслухмяны, а рухавік вось не запускаецца. Напэўна, паліва, як кажуць “летняе”, а, мажліва, “зімовае” ды няякаснае...

...Пасьля няўдалай спробы дабрацца ў цэнтар Менску на асабістым аўто, мерзну на аўтобусным прыпынку ў аддаленым мікрараёне “Лошыца”. Людзей тут шмат, а транспарту ня відаць. Народ хвалюецца.

(Жанчына: ) “Транспарт, дарэчы, у Менску даволі дрэнна працуе. Вось, напрыклад, я ўчора ехала з гораду на 52-м аўтобусе, і ля Камвольнага камбінату ён зламаўся, і людзі вымушаныя былі чакаць хвілінаў пятнаццаць – дваццаць. Падышоў 123-і, нас забраў, мы на дарозе стаялі. Зьмерзьлі вельмі!”

(Карэспандэнт: ) “У Менску шмат чутак, што людзі атрымліваюць абмаражэньні менавіта ў чаканьні транспарту. Тэлефаную ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтар, удакладняю колькасьць пацярпелых у нядзелю.

(Дзяжурная: ) “Вось у нас зараз 20. А колькі зьвярнуліся за дапамогай, вам трэба зь урачом гаварыць”

(Урач: ) “Ужо адказваю, Сяргееўна! Чацьвер – 32; пятніца – 51; субота (21.01) – 25”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, зь нядзеляй атрымліваецца больш як 120 чалавек. Які стан здароўя гэтых пацярпелых?”

(Урач: ) “У некаторых пацыентаў давядзецца выконваць ампутацыю канечнасьцяў. Мы ня робім ампутацыю імгненна. Мы спрабуем выратаваць. Калі будзем апэрыраваць, то толькі празь тыдзень”.

(Карэспандэнт: ) “Вы сябе назавяце?”

(Урач: ) “Ну, навошта гэта патрэбна? Толькі, калі ласка, скажыце яшчэ, што калі людзі памарозілі сабе скуру, рукі, ногі, то ў ніякім разе нельга грэць пад гарачай вадой, грэлкай і гэтак далей. Ані ў якім разе! Бо гэта прывядзе да таго, што мы будзем ампутаваць гэтыя паражоныя часткі цела”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG