Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьвіслачы міліцыянты канфіскавалі ў зборшчыкаў партрэт Мілінкевіча


Радыё Свабода, Горадня Сёньня, нягледзячы на студзёнае надвор’е, у Сьвіслачы працягваецца збор подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча. У пікеце на міні-рынку зьбіраў подпісы Генадзь Радзецкі. Да яго падыйшоў чалавек і пачаў распытваць пра асобу А.Мілінкевіча. Да іх далучыўся маёр міліцыі Бычак у штацкім і пачаў патрабаваць ад чалавека, які хацеў паставіць свой подпіс, пашпарт.

Праз некалькі хвілінаў падыйшлі яшчэ двое міліцыянтаў у форме. Зь імі былі некалькі супрацоўнікаў прадпрыемства “Мачта”, якія пачалі задаваць Г.Радзецкаму правакацыйныя пытаньні. Але Г.Радзецкі адказваў, што агітацыя пачнецца толькі тады, калі Мілінкевіча зарэгіструюць кандыдатам. У гэты час адзін з міліцыянтаў пачаў усіх фатаграфаваць.

Міліцыянты зьнялі з дошкі аўтабіяграфію А.Мілінкевіча, ягоны партрэт і склалі пратакол канфіскацыі. У пратаколе было запісана, што яны канфіскавалі агітацыйныя ўлёткі. Г.Радзецкі адмовіўся падпісваць пратакол. Вось што сказаў нашаму радыё адзін з міліцыянтаў, Дзьмітры Зотаў:

(Зотаў): “Пакуль трэба даць юрыдычную ацэнку таму ці ўтрымліваюцца тут нейкія інфармацыйныя зьвесткі агітацыйнага характару”.

Гэтую ацэнку, па словах Зотава, будзе даваць пракуратура. А вось Радзецкага ўжо на заўтра запрасілі ў міліцыю. Г.Радзецкі лічыць гэта правакацыяй і лічыць, што такім чынам ўлады стараюцца зрываць збор подпісаў за А.Мілінкевіча.

(Радзецкі): “Лічу гэта арганізаванай правакацыяй, паколькі я ніякіх законаў не парушаў. А ўсё гэта накіравана на тое, каб не зарэгістраваць Мілінкевіча кандыдатам у прэзыдэнты”.

Дарэчы, Г.Радзецкі заявіў міліцыянтам, што ў міліцыю прыйдзе ў тым выпадку, калі яму дашлюць афіцыйную позву.
XS
SM
MD
LG