Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Як перамагчы дыктатара"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польскія газэты зьмяшчаюць некалькі вялікіх матар’ялаў і рэпартажаў зь Беларусі, прысьвечаных прэзыдэнцкім выбарам.

“Gazeta Współczesna” у матар’яле “Як перамагчы дыктатара” спрабуе адказаць на пытаньне, ці ёсьць у Беларусі сіла, здольная даць беларусам дэмакратыю.

“Лукашэнка мае на сумленьні перадусім тое, што ізалюе свой народ і зьнішчае ў ім усе праявы самастойнага мысьленьня, гаспадарчую актыўнасьць, веру у перамены... Значная частка беларусаў перакананыя, што іначай быць ня можа, а ўлады пераконваюць іх, што ў краіне пануе дабрабыт і спакой і нічога мяняць і так ня трэба... Улады эфэктыўна выкарыстоўваюць дзяржаўныя мэдыі як сродак дэзінфармацыі...Ключ да перамогі – у зьмене мэнтальнасьці беларусаў, а дзеля гэтага патрэбная незалежная інфармацыя”, - адзначае газэта.

У артыкуле гаворыцца, што ў цяперашняй сытуацыі, беларуская апазыцыя мае невялікія шансы на перамогу, але “калі глядзець на тое, што здарылася ва Украіне, дык можна сказаць, што гэта як землятрус, які можна прадказаць толькі за 15 сэкундаў да ягонага пачатку”.

У сваю чаргу “Gazeta Wyborcza” зьмяшчае рэпартаж з выбарчай кампаніі кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. Карэспандэнт, які езьдзіў разам з Мілінкевічам на сустрэчы з выбаршчыкамі, адзначае, што ягоны аўтамабіль увесь час суправаджаюць спэцслужбы – тры аўтамабілі і хуткая дапамога, дзе, паводле апазыцыянэраў, усталяваныя камэры і мікрафоны спэцслужбаў.

Польскі журналіст заўважыў як, асабліва ў невялікіх мястэчках, беларусы папросту баяцца падыйсьці да апазыцыйнага кандыдата, а некаторыя прызнаюцца, што ў працы іх змусілі падпісацца за Лукашэнку. “Wyborcza” адзначае, што цяпер цяжка нават прыблізна меркаваць, колькі людзей падтрымліваюць цяперашняга кіраўніка краіны, а колькі хочуць пераменаў, бо ў такой сытуацыі рэдка хто ў часе апытаньняў кажа праўду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG