Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Сіўчыкаў: “Мы выдаем наш слоўнік для Эўразьвязу і вершы нашага намінанта на Нобэля”


Валянціна Аксак, Менск Новая перадача сэрыі "Дом літаратара".

Распаўсюд — адна з галоўных праблемаў незалежных выдавецтваў. Дзяржаўны манапаліст “Белкніга”, зь якім трэба штогоду заключаць дамову на продаж выданьняў праз кнігарні, адмаўляецца браць кнігі неляяльных да цяперашняе ўлады аўтараў. А недзяржаўная сетка распаўсюду ў межах краіны ня створана з прычыны шматлікіх афіцыйных рэглямэнтацыяў. Таму няма гарантыяў, што нават выдадзеная кніга патрапіць да чытача — што, несумненна, адбіваецца на плянах выдаўцоў. Што выдаюць і хочуць выдаваць незалежныя выдавецтвы? Расказваюць каардынатар беларускіх праектаў выдавецтва “Логвінаў” Зьміцер Вішнёў і дырэктар выдавецтва “Радыёла-плюс” Уладзімер Сіўчыкаў.

У Ігара Логвінава выдавацца цяпер прэстыжна. Імідж выдаўца, які прыгрэў ля свайго друкарскага варштату ці ня ўсіх таленавітых маладых і ўжо ня надта беларускіх аўтараў, спрыяе больш уважліваму стаўленьню крытыкі, дадае вартасьці нават пачаткоўцам. Летась у Логвінава дзьве новыя кнігі кожны выдалі Алесь Разанаў і Ўладзімер Арлоў, адну — Вінцэсь Мудроў, Валянцін Акудовіч, Сяргей Рублеўскі, Адам Глобус, Ігар Бабкоў. Чакаюцца новыя кнігі Ганны Кісьліцынай, Альгерда Бахарэвіча, Людкі Сільновай. Сьпіс далёка ня поўны.

Выдавецтва працуе зь беларускімі аўтарамі хутчэй зь любові да сучаснага айчыннага прыгожага пісьменства, чым з камэрцыйнага інтарэсу. Кнігарні зь вялікай неахвотай бяруць на продаж неклясычную беларускую літаратуру, амаль зусім адмаўляюцца ад паэтычных зборнікаў, кажа Зьміцер Вішнёў, куратар беларускіх праектаў выдавецтва “Логвінаў”.

(Зьміцер Вішнёў: ) “Паэзія, на жаль, даецца нам больш за ўсё крывёй, таму што яна даволі цяжка прадаецца. І тут можна назваць некаторыя толькі імёны, якія вядомыя чытачу ня толькі на слых, але і вядомыя на хатніх кніжных паліцах. Такіх вельмі мала”.

Ці не таму іншае недзяржаўнае беларускае выдавецтва, “Радыёла-плюс”, аддае перавагу праверанай клясыцы, прычым ня толькі ў мастацкай літаратуры. “Артаграфічны слоўнік беларускай мовы” Алены Баршчэўскай, “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” і “Слоўнік іншамоўных словаў” Аляксандра Булыкі і ягоны ж, у суаўтарстве з Натальляй Паляшчук, “Беларуска-расейскі і расейска-беларускі слоўнік”, і яшчэ цэлы шэраг выдадзеных і перавыдадзеных беларускіх слоўнікаў, даведнікаў, каталёгаў — гонар дырэктара выдавецтва Ўладзімера Сіўчыкава. Гэтыя тамы запатрабаваныя ў сучасных чытачоў, а таму даюць “Радыёле-плюс” мажлівасьці быць і фінансава незалежным выдавецтвам.

Сёлета “Радыёла-плюс” мяркуе выдаць слоўнік, якога яшчэ не было ў айчыннай лінгвістыцы, але які, мяркуюць выдаўцы, зацікавіць усіх, хто лічыць Беларусь эўрапейскай краінай і верыць у тое, што яна хутка далучыцца да Эўразьвязу. Гаворыць Уладзімер Сіўчыкаў:

(Сіўчыкаў: ) “Чакаем здачы ў выдавецтва рукапісу ўнікальнага беларуска-эўрапейскага слоўніка. Думаю, што нават некаторыя спэцыялісты могуць задацца пытаньнем: што ж гэта за слоўнік? Гэта перакладны беларускі слоўнік на мовы краінаў Эўразьвязу. Мяркуецца, што ў ім будзе прадстаўлена больш за дваццаць моваў Эўропы”.

Але якімі б пасьпяховымі ні былі ўсе гэтыя вучэбна-навуковыя ці даведнікавыя выданьні, душу дырэктара “Радыёлы-плюс” грэюць зусім іншыя кнігі. Летась ён выдаў першую ў гісторыі нацыянальнае літаратуры анталёгію беларускае любоўнае лірыкі “Яна і я”, а сёлета тэма каханьня зойме дзьве важнейшыя выдавецкія пазыцыі. Імёны і назвы могуць заінтрыгаваць, кажа Ўладзімер Сіўчыкаў, ня толькі юных і рамантычных чытачак, але і ўстановы досыць паважныя, кшталту музэю Максіма Багдановіча, уласьніка інтымнага дзёньніка паэта.

(Сіўчыкаў: ) “Рыхтуем да выданьня, зноў жа ў аздабленьні Арлена Кашкурэвіча, выбраныя творы Максіма Багдановіча пад назваю “Інтымны дзёньнік”. Ну і марым таксама вось у гэты шэраг кніжак у тым жа фармаце і ў тым жа аздабленьні, як “Яна і я” і “Інтымны дзёньнік”, што стане і важкі томік выбраных твораў з умоўнай пакуль назвай “Руны Перуновы” народнага паэта Беларусі намінанта Нобэлеўскае прэміі па літаратуры Рыгора Барадуліна”.

Вельмі хутка, прагназуюць адмыслоўцы, беларускія выдаўцы будуць моцна канкураваць за права выданьня айчыннага намінанта на Нобэля. Застаецца дачакацца часу, калі беларускія чытачы будуць выстройвацца ў кнігарнях ў доўгія чэргі па томік свайго нобэлеўскага ляўрэата.
XS
SM
MD
LG