Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за халадоў спыняюць працу прадпрымальнікі


Радыё Свабода Ад халоднага надвор’я, якое ўсталявалася на Беларусі, церпяць прадпрымальнікі – для большасьці зь іх наступае пэрыяд вымушанага прастою. Вольны час частка бізнэсоўцаў вырашыла скарыстаць для удзелу ў выбарчай кампаніі.

Сёньня большасьць рынкаў у Беларусі пуставала. Прадпрымальнікі, што гандлююць на адкрытых пляцоўках, ня выйшлі на працоўныя месцы. У Магілёве, напрыклад, паводле лідэра тутэйшых бізнэсоўцаў Сяргея Фаміна, не працавала каля 4 тысяч гандляроў:

(Фамін: ) “У нас дзесьці да –31 градус, -27 -31 хістаўся тэрмомэтар. Як толькі пачаліся маразы – учора, пазаўчора – у нас ужо пакупнікоў не стала на рынках. Людзі перасталі хадзіць, а гандляры першы дні выстаялі, але ўжо сёньня практычна нікога не было”.

Падобнае становішча склалася і на рынках Віцебшчыны. Вось што паведаміў лідэр прадпрымальнікаў Наваполацку і Полацку Валера Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Мароз унёс свае карэктывы ў працу прадпрымальнікаў. На адкрытым паветры апошнія два дні ў Наваполацку працавалі адзін, два, самае большае тры намёты. У Полацку было некалькі дзясяткаў замест сотняў як раней”.

Больш як 20-градусны мароз не вытрымалі і менскія гандляры. Большасьць іх ня выйшла на працу. Такое надвор''е, паводле прадпрымальнікаў, абарочваецца для іх эканамічнымі стратамі. Бізнэсоўцы знайшлі выйсьце як пазьбегчы іх – пайсьці у адпачынак да надыходу цяпла. Аднак, як паведаміла Радыё Свабода прадпрымальніца рынку “Ждановічы” Лідзія Сітава, супраць гэтага выступаюць адміністрацыі:

(Сітава: ) “Людзі просяцца ў адпачынак. Мы, прадпрымальнікі, маем права адзін раз на год пайсьці у адпачынак. Але нам адміністрацыі рынкаў не даюць адпачынак. Вось я аплаціла месца – проста аддала 100 даляраў. Чаму мы павінны аддаваць грошы за кавалак бэтону на вуліцы?! Яны ня змогуць выстаяць на такім марозе. Гэты мы губляем 100 даляраў”.

Вымушаны прастой частка прадпрымальнікаў вырашыла скарыстаць для ўдзелу ў выбарчай кампаніі. У прыватнасьці, той жа Валеры Шаўчэнка з Наваполацку працягвае зьбіраць подпісы за аднаго з прэтэндэнтаў на прэзыдэнта:

(Шаўчэнка: ) “Я маю на сваім рахунку каля 450 подпісаў, большасьць якіх прадпрымальніцкіх, за Аляксандра Казуліна”.

Прадпрымальніцкае асяродзьдзе, паводле Лідзіі Сітавай, хоча зьменаў. І таму многія зь іх ужо паставілі подпісы на карысьць дэмакратычных прэтэндэнтаў:

(Сітава: ) “Частку подпісаў Пазьняку аддалі, частку аддалі Казуліну, частку Мілінкевічу. Яны гатовыя аддаць за любога, апроч Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG