Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны актывіст "Маладога фронту"


Любоў Лунёва, Менск Пракурор Маскоўскага раёна Менску Віктар Жынгель арыштаваў актывіста "Маладога фронту" Зьмітра Касьпяровіча.

Яго затрымалі ўначы з 17 на 18 студзеня разам з двума сябрамі – Зьмітром Гаўрусікам і Паўлам Батуевым. Хлопцы трое сутак правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня паводле крымінальнай справы за “зьнявагу і зьдзек з дзяржаўных сымбаляў.” Паводле міліцыянтаў, хлопцы на будынку Менгарвыканкаму намагаліся зьмяніць дзяржаўны сьцяг на бел-чырвона-белы.

Сьледчыя міліцыі Маскоўскага раёна Менску спачатку вялі сьледзтва паводле 370-га артыкулу (зьнявага і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў). За гэта прадугледжана пакараньне штрафам, папраўчымі работамі, альбо абмежаваньнем волі тэрмінам да году.

Паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу, адпаведны артыкул не прадугледжвае ўтрыманьне пад вартай у часе сьледзтва. 20 студзеня сканчаецца тэрмін утрыманьня пад вартай без прад’яўленьня абвінавачаньня.

Цяпер сьледзтва зьмяніла артыкул у крымінальнай справе. Зьмітра Касьпяровіча цяпер падазраюць у хуліганстве. Пракурор Маскоўскага раёна Віктар Жынгель абраў для маладафронтаўца мерай стрыманьня арышт. Зьмітра Гаўрусіка і Паўла Батуева пракурор вырашыў выпусьціць на волю.

Маці Зьмітра Касьпяровіча, які летась скончыў унівэрсытэт, абурана рашэньнем пракурора.

(Касьпяровіч: ) “Ён нічога не скраў, нікога не забіў, не зрабіў каму-небудзь шкоды. Ён папросту хацеў замяніць сьцяг. Ціцянкоў у свой час паказаў моладзі прыклад, што можна рваць сьцягі нават перад камэрай. Ён ніякага пакараньня не атрымаў. Чаму майго сына трымаюць пад вартай? Хай тады побач пасадзяць і Ціцянкова.”

Юрысты адзначаюць, што Зьмітру Касьпяровічу дагэтуль не вынесьлі афіцыйнага абвінавачаньня. Ён мае статус падазраванага ў парушэньні крымінальнага артыкулу за хуліганства. Да яго ўжытая першая частка артыкулу. Згодна з практыкай, у такіх выпадках чалавека не бяруць пад варту на час сьледзтва.

Выключэньнем была пастанова пракурора Віктара Жынгеля супраць лідэра прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанкі. Справу потым спынілі з-за адсутнасьці складу злачынства.

Гл. таксама • Зьняцьцё сьцяга з гарвыканкаму ўлады ўважаюць за хуліганства • Над Менгарвыканкамам мог зноў зьявіцца бел-чырвона-белы сьцяг
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG