Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рукапіс тэксту Джона Ленана выстаўлены на аўкцыён


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Рукапіс тэксту Джона Ленана папулярнай песьні “Бітлз” – “A Day in the Life” – выстаўлены на аўкцыён у Нью-Ёрку. Аўкцыяністы спадзяюцца прадаць яго за 2 мільёны даляраў. Гэты рукапіс можа стаць самым дарагім чарнавіком песьні, напісанай у 20 стагодзьдзі.

39 гадоў таму Джон Ленан напісаў свой верш “A Day in the Life”, які стаў апошняй песьняй наватарскага альбому “Sgt. Pepper’s Lonely Hearts Club Band”. Пасьля запісу кампазыцыі Ленан пакінуў рукапіс у студыі.

Мэнэджэр “Бітлз” Мэл Эванс забраў аркуш і захаваў яго разам зь іншымі рукапісамі “Бітлз”. Пазьней чарнавік прадаў ананімнаму пакупніку за 100 тысячаў даляраў.

І вось на гэтым тыдні той пакупнік зноў выставіў рукапіс “A Day in the Life”на продаж. Аўкцыяністы заяўляюць, што 2 мільёны даляраў – зусім рэальная цана за адну з ключавых музычных кампазыцыяў у культурнай гісторыі 20-га стагодзьдзя.

Джон Ленан гаварыў, што рашэньне напісаць песьню-разважаньне пра час і чалавека зьявілася ў 1966 годзе пад уплывам антываеннага фільму рэжысэра Рычарда Лэстэра “Як я выйграў вайну”.

(Ленан: ) “Пасьля апошняга туру Бітлз у 1966 годзе я сказаў Дыку Лэстэру, што буду рабіць гэтае кіно разам зь ім. Я паехаў у Гішпанію на 6 тыдняў, таму што ня ведаў, што далей рабіць. А вы ведаеце, чым заняцца, калі няма гастроляў? І я зрабіў кіно, якое было нуднае, як пекла. Я сапраўды баяўся страціць “Бітлз”. Мне падавалася, што жыцьцё без гастроляў будзе канцом усяго. Я асэнсоўваў, што я змагу зрабіць адзін, бязь “Бітлз”, якім будзе тады жыцьцё?”

Песьню “A Day in the Life” Ленан напісаў 17 студзеня 1967 году. Перад ім на піяніна ляжала газэта “Дэйлі мэйл”. І песьня была своеасаблівым водгукам на навіны, якія паведамляла газэта. У адной нататак паведамлялася пра сьмерць ягонай сяброўкі Тэры Дэвіс. І ў першых радках Ленан сьпяваў пра ўдачлівага чалавека, які загінуў у аўтакатастрофе.

Затым Ленан нападаў на крытыкаў фільму “Як я выйграў вайну”. Фінальная частка песьні была навеяная артыкулам пра тое, што інспэкцыя дарогі ў горадзе Блэкбарне выявіла ў ёй 4000 выбоінаў, якія трэба адрамантаваць. Ленан з сарказмам сьпяваў: “І хоць ямкі былі маленькімі, іх трэба было ўсе палічыць”.

Пры запісу песьні ў лютым 1967 году Бітлз выкарысталі клясычны аркестар з 40 музыкамі, дзеля таго, каб стварыць пранізьлівую гукавую какафонію.

У траўні 1967 году, калі альбом “Сэржант Пэпер” выйшаў у сьвет, Бі-Бі-Сі забараніла песьню “A Day in the Life”. А кампазыцыю Ленана “I”d love to turn you on” цэнзары Бі-Бі-Сі назвалі прапагандай наркотыкаў. Аўтар гэта адмаўляў...

Аўкцыяністы спадзяюцца атрымаць за рукапіс “A Day in the Life” два мільёны даляраў. Гісторыкі мастацтва прагназуюць, што як найменей за адзін мільён даляраў ён будзе прададзены. Зрэшты, летась за падобную цану быў прададзены рукапіс песьні Джона Ленана “All You Need Is Love”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG