Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вобраз Лукашэнкі ў мастацкай творчасьці: спэкуляцыя ці графаманства?


Ігар Карней, Менск Зьяўленьне ў Беларусі інстытуту прэзыдэнцтва прычынілася да стварэньня шэрагу мастацкіх і хранікальна-дакумэнтальных, публіцыстычных твораў. У палотнішчах і кнігах, песьнях і кінастужках, мультфільмах і прыпеўках аўтары з рознай ступеньню таленту, фантазіі і праўдзівасьці спрабуюць аналізаваць, крытыкаваць, ухваляць новую для краіны сацыяльна-палітычную зьяву. Якім бачыцца беларускі прэзыдэнт аўтарам? За тэндэнцыямі назіраў Ігар Карней.

Адным зь першых паклаў пачатак “прэзыдэнцкай літаратуры” супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музэю Якуба Коласа Мікола Жыгоцкі. У 1996-м, праз два гады пасьля выбараў кіраўніка краіны, Жыгоцкі напісаў кнігу “Аляксандар Лукашэнка. Першы прэзыдэнт Беларусі”. 10-гадовы юбілей прэзыдэнцтва 74-гадовы пэнсіянэр зьбіраўся адзначыць яшчэ адной кніжкай. Ён нават пазычыў назву ў складальнікаў успамінаў сучасьнікаў Якуба Коласа – “Жыцьцё для народу” – і ані не сумняваўся ў посьпеху. Аднак стратэгічны твор не прайшоў бюракратычнага сіта: Міністэрства інфармацыі забракавала кнігу з фармулёўкай “нізкая мастацкая якасьць”. Жыгоцкі пакрыўдаваў, бо лічыць пазыцыю ведамства “неадэкватнай цяперашняй сытуацыі”.

(Жыгоцкі: ) “Шмат працы было, і ўвогуле, вы ведаеце, гэта справа вельмі адказная. У выдавецтвах да гэтага вельмі асьцярожна ставяцца. У Адміністрацыі прэзыдэнта рабілі заўвагі, тое-сёе даводзілася дапрацоўваць. Таму тэхнічных шмат момантаў”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі я ведаю, вы меркавалі выдаць кнігу летась, да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі?”

(Жыгоцкі: ) “Думаў нават раней яе выдаць. Аднак як пачаў усё глыбей і глыбей разьбірацца, дапрацоўваць, час ішоў, і споўнілася якраз 10 гадоў ад прыходу да ўлады Аляксандра Рыгоравіча. Але ўрыўкі з кнігі ўжо друкаваліся. Была такая “Цэнтральная газета”, дык там ажно 12 урыўкаў выйшла. Нядаўна “Рэспубліка” надрукавала пра Александрыю матэрыял. Даслаў у магілёўскую раённую газэту “Дняпроўская ніва” артыкул, там таксама сказалі, што матэрыял вельмі цікавы. Таму ідзе цяпер урыўкамі”.

(Карэспандэнт: ) “А як Аляксандар Лукашэнка да першай кнігі паставіўся?”

(Жыгоцкі: ) “Станоўча. Напісаў мне: “М.Жигоцкому. С уважением...” Спадабалася, значыць...”

У той жа год на старонках часопісу “Крыніца” зьявіўся ўзор іншай літаратуры. “Дзёньнікі Рабунькі” Алеся Наварыча былі ледзьве ня першай спробай палітычнага памфлету ва ўмовах прэзыдэнцкай рэспублікі. Прыдуманая спадаром Наварычам Карова Рабунька вырашыла балятавацца ў прэзыдэнты… Аналёгіі з рэальнай асобай напрошваліся непрыхаваныя. Аднак амаль праз 10 гадоў, у 2005-м, Алесь Наварыч атрымаў ад прэзыдэнта калядную прэмію за іншыя творчыя заслугі – “За духоўнае адраджэньне”. Падобныя пераўвасабленьні сам Алесь Наварыч тлумачыць так.

(Наварыч: ) “З прэміяй – абсалютная выпадковасьць. Я не падаваў дакумэнты на прэмію, не ініцыяваў нейкія хады-захады. Проста адно да аднаго прыклалася і здарылася вось такая сытуацыя. Калі пакласьці руку на сэрца – трэба было б адмовіцца. Але ў наш час фінансавая матывацыя досыць моцная”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ацэньваеце сваю творчасьць дзесяцігадовай даўнасьці? “Рабуньку” заносіце ў актыў?”.

(Наварыч: ) “Ведаеце, крыху памяняўся я, як чалавек. У тым сэнсе, што сьветапогляд зьмяніўся. І параўноўваць чалавека, калі сказаць па-стараславянску, “со скотом несмысленным”, усё ж, відаць, грэшна. Хоць гэта і мэтафарычнасьць такая…”.

Эстафэту Жыгоцкага і Наварыча неўзабаве падхапілі прадстаўнікі розных іншых рухаў ды сацыяльных праслоек, якія да літаратуры мелі ў найлепшым выпадку ўскоснае дачыненьне. І часта яны зусім па-іншаму ацэньваюць ролю першага прэзыдэнта краіны. Былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў пасьля выхаду на волю ўзяўся за “Работу над памылкамі”. Менавіта так называлася ягоная кніга, у якой расказваецца і пра асобу Лукашэнкі, і пра людзей, якія беларускаму прэзыдэнту колісь давяралі.

(Лявонаў: ) “Прааналізуйце выступы прэзыдэнта. Кожны дзень ён успамінае апазыцыю: “будзем граміць, душыць...” Жыве толькі з гэтым – як вытрымаць. Ва ўмовах такога стрэсу і страху перад апазыцыяй здароўе ягонае можа ня вытрымаць. Бо штодня ён ваюе з апазыцыяй, якая нічога яму, дарэчы, яшчэ не зрабіла. Але кожны дзень ён яе “забівае”, “разьбівае”, “забараняе”... Жыве пад пастаянным страхам”.

У адрозьненьне ад былога аграрніка Лявонава Эдуард Скобелеў прафэсійна займаецца літаратурай. Паэт і раманіст, вядомы найперш па дзіцячых “Прыгодах Арбузіка і Бябешкі”, апошнім дзесяцігодзьдзем выступае яшчэ й біёграфам Лукашэнкі. Скобелеву належыць шэраг прац пра першага беларускага прэзыдэнта. Толькі ніводзін чалавек, зь якім даводзілася абмяркоўваць чарговы опус Скобелева, ня мог зразумець закладзенай аўтарам “філязофскай глыбіні” – ні зь першай, ні з другой спробы... Між тым, сам Скобелеў актыўна крытыкуе калегаў за “палітыканства”.

(Скобелеў: ) “Пісьменьнікі, беручы ўдзел у палітычнай барацьбе, прычым на пазыцыях, так бы мовіць, не нацыянальных, шкодзяць сабе, яны выглядаюць сьмешнымі. Я ў гэтай сувязі называў і Бураўкіна, і Гілевіча, і, на жаль, я называў таксама Быкава. Калі гэтая творчасьць пранізаная палітыканствам, вядома, яна траціць сэнс. Нехта мне пераказваў сюжэт аднаго з апошніх апавяданьняў Быкава – чалавека ў трубе заварылі. Ну, навошта ж такія жарсьці?!”

Скобелеўскі антыпод і безумоўны лідэр у прадукаваньні палітычнай і фактычна антыпрэзыдэнцкай літаратуры – былы дэпутат Вярхоўнага Савету, а цяпер асуджаны “хімік” Андрэй Клімаў. Цягам апошніх гадоў у суаўтарстве з былым кіраўніком літаратурнай часткі Расейскага драматычнага тэатру Яўгенам Агурцовым ён выдаў цэлую сэрыю дакумэнтальна-футурыстычных твораў: напрыклад, “Паўстаньне-2005” і “У абдымках вампіра”. У адной кнізе Клімаў авансам “раздаў” пасады цяперашнім апазыцыянэрам, у другой – прыклаў прэзыдэнцкі строй наўпрост да сябе. Калі кнігі Клімава будуюцца збольшага на эмоцыях і пакуль што маларэальных сцэнарах, то адзін з былых паплечнікаў Лукашэнкі, аналітык Аляксандар Фядута сёлета падсумаваў шматгадовыя назіраньні за прэзыдэнтам і ягонай камандай у кнізе “Лукашэнка: палітычная біяграфія”. Дарэчы, са сваім досьведам палітычных кампаніяў Фядута выправіўся ва Ўкраіну, дзе дапамагае “раскручваць” адну з партыяў напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2006 году.

Элемэнты дакумэнталістыкі пераважаюць яшчэ ў адным творы аналягічнай скіраванасьці. Адзін з колісь любімых Лукашэнкам тэлевядучых, а пасьля “парушальнік дзяржаўнай мяжы” Павел Шарамет прайшоў шлях ад аблашчанага журналіста да аднаго з аўтараў кнігі “Выпадковы прэзыдэнт”.

(Шарамет: ) “На вобразе Лукашэнкі створана цэлая індустрыя ў афіцыйнай прапагандзе. Дзяржаўныя газэты друкуюць пра яго хвалебныя артыкулы, БТ робіць цэлыя праграмы пра Лукашэнку – які ён харызматычны, моцны і г.д. Але ў незалежнай прэсе, у незалежным мастацтве нельга гаварыць аб індустрыі, якая працуе ці адпрацоўвае вобраз Лукашэнкі. Калі паглядзець, то ёсьць толькі дзьве кнігі пра Лукашэнку: гэта наш са Сьветай “Выпадковы прэзыдэнт” і кніга Фядуты. За 11 гадоў, што Лукашэнка знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта, гэтага вельмі мала. Яшчэ “Нашэсьце”, але “Нашэсьце” збольшага – гэта мастацкі памфлет. Ну, няхай сабе тры творы. Два сур’ёзныя і адзін памфлет. Вельмі мала, бо за некалькі гадоў, што прэзыдэнтам Расеі Ўладзімер Пуцін, там зьявілася каля сарака кніг пра Пуціна. А ў Беларусі толькі тры незалежныя ды пара афіцыйных. Гэта вельмі і вельмі мала”.

У пэўным сэнсе “вяршыняй” антыпрэзыдэнцкай творчасьці можна лічыць ананімны раман “Нашэсьце”. Зразумела, што тытульны аўтар Уладзімер Мацікевіч – не рэальная фігура, але разам з тым гэтак жа зразумела, што кніга прыдуманая не кампутарам, а жывым чалавекам. “Мікст” рэальнасьці з надуманасьцю дае неабмежаваную волю чытацкай фантазіі. Дыялёгі Лукашэнкі з падначаленымі багата аздобленыя “мужыцкай праўдай” і мацюкамі. Межы праўды і вымыслу размытыя. Між тым папулярнасьць кнігі перавысіла друкарскія магутнасьці і спатрэбілася некалькі дадатковых накладаў. Дакладна вядома, што ёсьць ужо другая сэрыя “Нашэсьця”, а гэта значыць – ніяк не пазьбегчы новых міліцэйскіх зводак пра кніжных “кантрабандыстаў”.
XS
SM
MD
LG