Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Матылі ў студзені. Сёлетняя зіма адзначаецца даўно ненатаванай у такім стопню цяплынёй”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 20 студзеня ў розныя гады

“Наша воля”, 1936 год:

“Матылі ў студзені. Сёлетняя зіма адзначаецца даўно ненатаванай у такім стопню цяплынёй. У паморскіх паветах Польшчы распускаецца бэз, а рыбакам удалося злавіць некалькі прыгожых матылёў. Гэта ёсьць тым больш цікавым, што студзень у гэтых паветах залічаецца да найбольш сьцюдзёных месяцаў. Прэса ў 1935 годзе. Паводле статыстыкі с 1 студзеня 1935 году ў Польшчы было 1859 часапісаў, у гэтым польскіх 1567, украінскіх і жыдоўскіх па 72, нямецкіх 97, французскіх 12, расейскіх 11, беларускіх 8, ангэльскіх 4. Штодзённых газэт выходзіла 152. У 1932 годзе выходзіла іх 168”.

“ЛіМ”, 1956 год:

“Далёка за межамі нашай рэспублікі вядомы прыёмнікі Мінскага радыёзавода Р-7 і “Беларусь-53”. Іх сустрэнеш у хаце беларускага калгасніка, у палярнікаў вострава Дзіксан, у сонечнай Грузіі і стэпах Казахстана. Цяпер, ідучы насустрач ХХ з’езду КПСС, калектыў завода рыхтуе новыя вытворчыя падарункі… Над адказным заданнем працуюць канструктары. Яны рыхтуюць камбінаваны тэлевізар “Беларусь-2”, які будзе складацца з тэлевізара, трохдыяпазоннага прыёмніка і універсальнага праігравальніка. У другой палове 1956 года мінчане атрымаюць магчымасць карыстацца новым тэлевізарам”.

“Народная Воля”, 1996 год. Словы Янкі Купалы:

“Самы найлепшы правіцель, самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецця — гэта мы самі. І калі ня хочам быць вечнымі рабамі, павінны кінуць мы благую звычку думаць, што нехта прыйдзе і выратуе нас з нашай бяды, з нашай няволі. Час праявіць нам і сваю сілу ў будаваньні новага жыцця для сваёй Бацькаўшчыны, для сваіх сяліб і хат, для нашага падрастаючага пакалення. Пройдуць гады, падрастуць сыны і ўнукі нашы і спытаюць нас: што зрабілі вы ў той бурны і векапомны час для сваіх патомкаў, для свайго краю?”
XS
SM
MD
LG