Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каманды прэтэндэнтаў правяраюць падпісныя лісты


Уладзімер Глод, Менск У штабах патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта пачалася масавая праверка сабраных подпісаў. Перад тым, як здаць падпісныя лісты ў Цэнтарвыбаркам, кожная каманда праводзіць так званую самаправерку: шукаюць недакладнасьці, памылкі, супярэчнасьці...

Папярэдні досьвед паказвае, што без памылак амаль ніхто не абыходзіцца. Я некалькі разоў назіраў за тым, як цяпер зьбіраюць подпісы. І што кідаецца ў вочы: запішуць у падпісны ліст юнака ці дзяўчыну 1988 году народзінаў. А пасьля высьвятляецца, што ім не хапае да 18-ці гадоў пэўнага часу: каму некалькі месяцаў, каму некалькі дзён. Але ж такі подпіс лічыцца несапраўдным. Альбо лісты складаюць толькі па раёнах. І як ня дзіўна, людзі блытаюць, у якім раёне яны жывуць. Назавуць адзін, а пасьля высьвятляецца, што насамрэч іх дом у іншым раёне.

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч, які падкрэсьлівае, што мае досьвед у гэтай справе яшчэ з 1996 году, цьвердзіць, што без памылак весьці збор подпісаў немагчыма:

(Гайдукевіч:) "Цяпер самая галоўная задача любога прэтэндэнта даць "адцяжку" хаця б на 7-10 дзён, каб праверыць подпісы. Інакш ты вар’ят. Людзі робяць памылкі. Гэта непазьбежна. Здрыганецца рука пры подпісу, пераблытае нумар у лістку... Нават калі тэкст пішуць -- пасадзі 10 чалавек, і хтосьці абавязкова зробіць памылку".

Людзі, якія маюць досьвед у гэтай справе, гавораць, што колькасьць бракаваных подпісаў часам дасягае да 20% ад усіх сабраных. Гэта значыць, пажадана мець дзесьці тысяч 120 подпісаў, ня менш. А Сяргей Гайдукевіч тут называе канкрэтныя лічбы:

(Гайдукевіч:) "Я ў 2001-м годзе сабраў каля 170 тысяч. А здаў -- 146 тысяч. А зарэгістравалі колькі? 130 тысяч з гакам".

У розных штабах цьвердзяць, што праверка лістоў для іх цяпер -- самае галоўнае. Нават ініцыятыўная група Сяргея Скрабца, якая пакуль сабрала подпісаў меней за іншых, інтэнсіўна займаецца праверкай іх праўдзівасьці, адзначае кіраўнік групы Сяргей Галаганюк:

(Галаганюк:) "Мы ўнутраны кантроль робім. Не па кожнаму подпісу, зразумела. Але выбарачна робім. Ну і сутыкнуліся з такой праблемай -- калі тэлефануеш, людзі часам баяцца казаць праўду: а што такое? Я нічога ня ведаю. І кладзе слухаўку".
XS
SM
MD
LG