Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Цьвірка: “Каб выдаць 200-тамовы “Беларускі кнігазбор”, мне трэба пражыць яшчэ пяцьдзясят гадоў”


Радыё Свабода Кіраўнік аднаго з буйнейшых недзяржаўных выдавецтваў краіны “Беларускі кнігазбор” Кастусь Цьвірка пра вынікі леташняе працы гаворыць незадаволена — з заплянаванага дзясятка ўдалося выдаць усяго тры кнігі. І хоць гэта аднатомнікі выбраных твораў зусім невыдаваных у паваеннай Беларусі паэта Рыгора Крушыны і драматурга Францішка Аляхновіча, а таксама том былога гулагаўскага вязьня празаіка Яна Скрыгана, выхад якіх сталіся падзеяй леташняга літпрацэсу, аптымістычнага настрою спадару Цьвірку ад гэтага не дадалося.

Бальшыня падрыхтаваных кніг засталася нявыдадзенай. У тым ліку і аднатомнік Уладзімера Караткевіча, які плянаваўся да 75-годзьдзя знакамітага пісьменьніка. У сёлетні плян зь леташняга пераходзяць і іншыя чаканыя, але невядомыя чытачам кнігі. Гаворыць Кастусь Цьвірка:

(Цьвірка: ) “Аддалі ўжо ў друк аднатомнік выбраных твораў Уладзімера Караткевіча, і ён павінен выйсьці ў гэтым годзе. Падрыхтаваныя да выхаду кнігі Аляксандра Сержпутоўскага, Антона Луцкевіча, Адама Станкевіча, Мікалая Касьпяровіча, Адама Багдановіча… Аўтары, якія амаль што невядомыя беларускаму чытачу”.

Выдаўцы працягваюць працу над новымі тамамі праекту найперш тых аўтараў, якія зусім не вядомыя сучасьнікам, ці вядомыя аднабакова.

(Цьвірка: ) “Цяпер сяджу, не падымаючы, можна сказаць, галавы, над Зарыянам Даленга-Хадакоўскім. Імя гэтае мы таксама адкрываем упершыню. Гэта пачатак 19 стагодзьдзя. Сабралі кнігу яго і вось рыхтуем да выданьня. І вельмі цікавае будзе ў нас выданьне Зьмітрака Бядулі. Уладзімер Казьбярук, складальнік гэтай кнігі, знайшоў шмат цікавых матэрыялаў, асабліва публіцыстыкі Бядулі і яго вершаў невядомых, якія не друкаваліся, або надрукаваныя ў недаступных цяпер крыніцах. Зусім па-новаму глядзіцца гэты пісьменьнік”.

“Беларускі кнігазбор” задуманы Кастусём Цьвіркам як унікальны двухсоттамовы праект, у якім мусяць быць выдадзеныя ўсе лепшыя творы аўтараў, якія нарадзіліся, жылі ці працавалі на гэтай зямлі. Прыкладна дзесяць кніг на год — задача цалкам па сілах створанаму Цьвіркам выдавецтву. Ад пачатку працы так і было. Кнігазбораўскія выданьні куплялі дзяржаўныя і школьныя бібліятэкі, шматтысячныя наклады хутка зьнікалі з паліцаў кнігарняў. Аднак пасьля таго, як улады сталі ня раіць бібліятэкам папаўняць свае фонды выданьнямі недзяржаўных выдавецтваў, адразу ж у выдавецтва ўзьніклі вялікія фінансавыя праблемы.

(Цьвірка: ) “Калі б сродкі былі, мы б за гэты год выдалі каля дзесяці кніг. А так выдадзім, ня ведаю — можа быць, дзьве ці тры. Калі ўдасца. Вось такая сытуацыя”.

За дзесяць гадоў працы выдавецтва выпусьціла крыху больш за тры дзясяткі тамоў.

“Я заплянаваў сабе яшчэ пяцьдзясят гадоў жыцьця”, — кажа Кастусь Цьвірка. Каб зрэалізаваць задуманы двухсоттомнік, менш прабыць на гэтым сьвеце пры сёньняшніх выдавецкіх тэмпах сямідзесяцігадоваму кіраўніку “Беларускага кнігазбору” ніяк нельга. Ён жартуе, што нават цешыцца з такой пэрспэктывы.
XS
SM
MD
LG