Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская школьніца перамагла ў сусьветным конкурсе мадэляў (фота)


Радыё Свабода Навучэнка 11-й клясы 9-й менскай гімназіі Кацярына Даманкова перамагла ў прэстыжным конкурсе манэкеншчыц “Супэрмадэль сьвету”, што завяршыўся ў Нью-Ёрку. Яна абышла канкурсантак амаль з чатырох дзесяткаў краінаў, атрымаўшы першы ў сваім жыцьці прыз – кантракт на чвэрць мільёну даляраў з мадэльным агенцтвам “Ford Models”.

Кацярына Даманкова – вучаніца менскай палітэхнічнай гімназіі №9. Цягам апошняга часу навучаецца экстэрнам, паколькі дома зьяўляецца толькі наездамі – перад Нью-Ёркам былі стажыроўкі ў Лёндане і Парыжы.

Як удалося высьветліць, на подыюм Кацярыну Даманкову прывёў Сяргей Нагорны – кіраўнік аднайменнага мадэльнага агенцтва. “Студыя моды Сяргея Нагорнага” – рэгіянальнае падразьдзяленьне “Ford Models”. Таму, паводле спадара Нагорнага, пасьля падпісаньня кантракту з амэрыканскім агенцтвам, фармальна дзяўчына працягвае заставацца ў складзе менскай альма-матэр. Сяргей Нагорны таксама кажа, што не рыхтаваў Кацярыну адмыслова да конкурсу “Супэрмадэль сьвету”.

(Нагорны: ) “Справа ў тым, што Каця паехала на стажыроўку у Нью-Ёрк, у агенцтва “Ford Models” на тыдзень, з тым, каб агенцтва зь ёй пазнаёмілася. Але так сталася, што літаральна з трапу самалёту яна крочыла на подыюм конкурсу “Супэрмадэль сьвету”.

Звычайна дзяўчаты мусяць перамагчы ў сваёй краіне, каб потым прадстаўляць яе ў фінале ў Нью-Ёрку. Але, паколькі ў Беларусі няма рэгіянальнага конкурсу “Супэрмадэль сьвету”, два гады таму нашыя выхаванкі прымалі ўдзел у адборачным туры ў Маскве. Зараз так атрымалася, што Кацю адразу зацьвердзілі ў фінале конкурсу, і гэта была нестандартная сытуацыя з сюрпрызам і для нас, і для Каці. Пра перамогу і марыць было немагчыма. Таму гэта, канечне, проста фурор”.

Спадар Нагорны ўдакладняе, што ў дзяўчыны не было ніякіх складанасьцяў, каб выехаць за мяжу. Аднак можна ўзгадаць выпадкі, калі замежная паездка мае самыя сумныя наступствы. Адна зь лепшых студэнтак 4 курсу факультэту міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Тацяна Хома 24 лістапада была адлічаная на загад рэктара з-за “самавольнага выезду за мяжу і адсутнасьці на занятках цягам трох дзён”. У францускім Рэймсе Тацяна была абраная ў кіраўніцтва буйнейшай эўрапейскай студэнцкай арганізацыі “Нацыянальныя студэнцкія аб’яднаньні Эўропы”. Як Кацярына Даманкова ў мадэльнай галіне, так Тацяна Хома стала першай беларускай, якая заняла такую пасаду. Аднак кіраўніцтва ўнівэрсытэту, як і Міністэрства адукацыі, не палічылі гэта за гонар і разьвіталіся са студэнткай. Пакуль Тацяна Хома змагаецца за права быць адноўленай на факультэце, Кацярына Даманкова ў промнях славы бліжэйшыя два тыдні правядзе ў Злучаных Штатах. А потым прыедзе зьбіраць віншаваньні у Менск.

Конкурс “Супэрмадэль сьвету” ладзіцца амэрыканскім мадэльным агенцтвам “Ford Models” ад 1980 году і сёлетняе ўручэньне ўзнагародаў было юбілейнае. Конкурс лічыцца адным з найбольш важных для маладых манэкеншчыц, паколькі тут зьбіраюцца ўсясьветна вядомыя прадстаўнікі мадэльнага бізнэсу, для якіх гэты конкурс – своеасаблівая “сэлекцыйная” база.
XS
SM
MD
LG