Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вялікая частка беларускай прадукцыі ў Маскве заражана радыяцыяй"


Радыё Свабода “Вялікая частка беларускай прадукцыі, якая трапляе на харчовыя рынкі Масквы ёсьць радыяактыўнай. Пра гэта ў інтэрвію агенцтву "Франс Прэс" паведаміла прадстаўніца маскоўскіх муніцыпальных уладаў Алена Тэр-Мартыросава.

Спадарыня Алена Тэр-Мартыросава, якая адказвае за радыяцыйную бясьпеку ў расейскай сталіцы, прыводзіць наступную статыстыку: летась з маскоўскага гандлю было канфіскавана 830 кіляграмаў радыяцыйна забруджаных тавараў, у 2004 – 986 кіляграмаў, у 2003 – адна тона, у 2002 – тры тоны.

Большая частка канфіскаванай прадукцыі – грыбы і ягады, якія зьбіралі ў лясах Беларусі і Ўкраіны. Паводле прадстаўніцы маскоўскіх муніцыпальных уладаў, небясьпека, якую нясуць для насельніцтва прадукты з гэтых краінаў такая ж вялікая, што і амаль 20 год, адразу пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

Як перакананы швайцарскі вучоны – радыёляг Марцін Нідэкер, за 20 год радыяцыя ня можа нікуды зьнікнуць. Паводле ягоных словаў, чацьвертая частка тэрыторыі Беларусі застаецца забруджанай радыянуклідамі.

(Нідэкер: ) “Нават у Швайцарыі, дзе радыяцыі ў выніку Чарнобыльскай аварыі трапіла ў глебу значна меней, ёсьць радыяцыйна забруджаныя тэрыторыі і ёсьць небясьпека харчавацца багатымі на радыянукліды – цэзій, стронцый і гэтак далей – прадуктамі. Размова ідзе пра мяса дзікіх жывёлаў, лясныя грыбы, ягады.

Дзякуй Богу, нашыя людзі не ўжываюць гэтай ежы. У Беларусі усё куды больш сур''ёзна. У гэтым сэнсе я падзяляю навуковыя погляды майго беларускага калегі Юрыя Бандажэўскага адносна адмоўнага ўзьдзеяньня малых дозаў радыяцыі на арганізм. На жаль, беларуская насельніцтва, ягоная большая частка, не ўсьведамляе падобнай небясьпекі, выкліканай заражаным харчаваньнем.

Размова ідзе пра розныя сыстэмныя захворваньні – сардэчна-сасудзістыя, нэўралягічныя, паталёгія коснага мозгу, якая прыводзіць да розных формаў раку”.
XS
SM
MD
LG