Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: дзе зімаваць бамжам?


Радыё Свабода У Гомелі з надыходам моцных маразоў дзясяткі бамжоў шукаюць паратунку ў пад’ездах шматпавярховых дамоў, падвалах і нават у каналізацыйных люках, дзе пракладзены цеплатрасы.

Калі надыходзіць дзень, людзі бяз пэўнага месца жыхарства вылазяць са сваіх падвалаў, пад’ездаў і цягнуцца да харчовых крамаў, вакзальных буфэтаў, іншых установаў грамадзкага харчаваньня, дзе ёсьць гарачая гарбата, хлеб, віно, цыгарэты. Як і дзе праводзяць цяперашнія марозныя ночы гарадзкія бамжы, яны распавядаюць самі:

(Спадар: ) “Сёньня я тры разы начаваў у пад’езьдзе. Мяне тры разы выганялі”.

(Спадарыня: ) “Дзе ў пад’езьдзе, дзе ў падвале — дзе як прыйдзецца”.

(Спадар: ) “Мне 47 гадоў. У мяне няма жытла, нічога няма наагул. Хаджу, бамжую. Бацькі памерлі, з жонкаю разьвёўся. І так атрымалася, што стаў нікому не патрэбны. Многа нас такіх, разумееце. Ноччу ідзеш у пад’езд, абаранкам гнесься. А што рабіць?”

50-гадовы Аляксандар, былы рабочы заводу ліцьця і нармаляў, а пазьней і “Цэнтраліту”, распавёў, што бадзяжнічае трэці год. Мінулую ноч правёў у прыгараднай вёсцы Краснае, у старым доме дзеда, дзе ні сьвятла, ні цяпла:

(Аляксандар: ) “Карацей, тэмпэратура, як на вуліцы. Няма толькі ветру”.

На аўтавакзал Аляксандар дабраўся, каб сабраць пустых пляшак, пагрэцца, купіць цыгарэт і сяго-таго зь ежы. Як зімуюць гарадзкія бамжы, Аляксандар добра ведае:

(Аляксандар: ) “Хто ў падвалах, хто ў пад’ездах, хто дзе. Хто нават прыстасаваўся ў люкі лазіць, дзе ёсьць цеплатраса. У люкі залазяць і сьпяць, трубы цёплыя. Поўнасьцю не зачыняюць люк, каб сьвежае паветра паступала”.

Як і іншыя бадзяжнікі, Аляксандар марыць, каб быў у горадзе нейкі прытулак:

(Аляксандар: ) “Можна было б зрабіць нейкі дом (калі цёпла — хай сабе, ня трэба), але калі марозы вялікія, каб чалавек прыйшоў, пераначаваў. Трэба — адпрацаваў за гэта, дапамог. А так…”

У горадзе для людзей бяз пэўнага месца жыхарства няма прытулку. Дапамагае гарадзкім бадзяжнікам, наколькі можа, толькі місія ордэну Сьвятой Маці Тэрэзы. Але магчымасьці ў яе абмежаваны. Бамжоў у большасьці выпадкаў ня церпяць. Гаворыць бомж Анатоль:

(Анатоль: ) “Дзяржава не зьвяртае на нас увагі. Міліцыя займаецца бяспраўем. Разумееце, мы непатрэбныя людзі”.

Ужо знаёмы нам Аляксандар дадае:

(Аляксандар: ) “Міліцыя выганяе. Вось на вакзал, дапусьцім, я зайду, было так нядаўна. Думаю, зайду, ноч перасяджу. Выгналі з аднаго вакзалу, я — на другі. І адтуль выгналі. Добра, калі яшчэ скажуць: сабірайся і сыходзь. А то могуць і дубінкаю даць. Слова насуперак скажы — адмалоцяць”.

Начальнік Гомельскай транспартнай міліцыі Аляксандар Сьлесарэнка сьцьвярджае, што патрульныя атрымалі ўжо інструктаж асабліва не чапаць бяздомных людзей на вакзалах у моцныя маразы. Аднак гэта ўсё-такі выключэньне:

(Сьлесарэнка: ) “Цяпер проста такая сытуацыя. Але іх знаходжаньне на вакзалах непажадана. Яны вашывыя. Мы ня можам дазволіць, каб яны цяпер сабраліся на гомельскім вакзале і тут у нас жылі”.
XS
SM
MD
LG