Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі АБСЭ чакаюць запрашэньня


Алесь Дашчынскі, Менск Беларускі МЗС накіраваў запрашэньне Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі. Прадстаўнік МЗС падкрэсьліў, што беларускія ўлады гатовы стварыць усе належныя ўмовы для дзейнасьці міжнародных назіральнікаў. Афіцыйны Менск таксама выказвае надзею “на аб’ектыўнасьць і непалітызаванасьць ацэнак і высноваў”.

Прадстаўнік МЗС заявіў, што беларускі бок разьлічвае на “строгае захаваньне дзейнага заканадаўства і неўмяшаньне ў выбарчы працэс міжнародных структураў”. Адносна колькасьці міжнародных назіральнікаў АБСЭ і даты пачатку назіраньня, як заявілі ў МЗС, Бюро дэмакратычных інстытутаў мусіць вызначыцца самастойна, згодна са сваёй працэдурай.

Тым часам прадстаўніца Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Урдур Гунарсдотыр сказала, што місія пакуль яшчэ не атрымала афіцыйнага запрашэньня беларускага боку. Гэтае запрашэньне ўлады Беларусі мусяць накіраваць як мага хутчэй, каб місія магла пасьпець арганізаваць доўгатэрміновае назіраньне за выбарамі. Паводле старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, ніхто з назіральнікаў АБСЭ ў ЦВК пакуль не зьвяртаўся.

(Ярмошына: ) “А чаму яны павінны да мяне зьвяртацца? Каля яны накіравалі гэтае запрашэньне, яны накіравалі разам анкету, якую распрацавала Цэнтральная камісія. Нам будуць дасылаць анкеты толькі тых, хто прыедзе да нас міжнароднымі назіральнікамі”.
XS
SM
MD
LG