Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Менску камэнтуюць справаздачу “Human Rights Watch”?


Радыё Свабода Праваабарончая арганізацыя “Human Rights Watch” апублікавала штогадовую справаздачу аб сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў сямідзесяці краінах сьвету за 2005 год. Грунтоўны дакумэнт (больш як на 500 старонак) адзначае, што летась сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася. Як камэнтуюць высновы “Human Rights Watch у Беларусі”?

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч пагаджаецца з высновамі праваабаронцаў і згадвае перасьлед газэты “Народная Воля”:

(Вайтовіч: ) “Забаранілі друкаваць “Народную Волю” ў нашых друкарнях, забаранілі распаўсюджваць у кіёсках і падпісвацца на яе. Я хачу атрымліваць яе па падпісцы альбо купляць у кіёску. Мае правы парушаны. Таму я цалкам згодны, што ўсё горш і горш робіцца з правамі чалавека. Але з другога боку, гэта лёгіка разьвіцьця любой дыктатуры. Любая дыктатура так разьвіваецца”.

Паводле спадара Вайтовіча, пасьля таго, як яго вымусілі пайсьці з пасады старшыні Савету Рэспублікі, за ім сочаць спэцслужбы.

(Вайтовіч: ) “За мной дагэтуль ходзяць нейкія назіральнікі і ўсё назіраюць — куды я іду, куды я еду. Напрыклад, у мінулым месяцы я езьдзіў у Маскву. На вакзале ў Менску праводзілі, паглядзелі, што я сеў у купэ. А ў Маскве на вакзале сустрэлі і беглі за мной. Вось вам правы чалавека. Чаму грошы грамадзянаў так неашчадна расходуюцца, каб за законапаслухмяным чалавекам наглядаць ажно ў Маскве? А ўжо ў Менску — дык тут ходзяць і ходзяць па пятах”.

Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч пагаджаецца з высновамі праваабаронцаў і згадвае палітычныя папраўкі ў крымінальнае заканадаўства:

(Парфяновіч: ) “Калі праўду казаць — і праўду пра тое, што насамрэч адбываецца, калі ты добра патлумачыш, то назаўтра сядзеш у турму. Вось і ўсе правы”.

Паводле былога судзьдзі Канстытуцыйнага суду Міхаіла Пастухова, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца штогоду.

(Пастухоў: ) “Найбольш відавочона гэта стала ў апошні час, калі разгорнута кампанія падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў. Такія вынікі міжнароднай арганізацыі пацьвярджаюцца нашай рэчаіснасьцю”.

Паводле дэпутата Палаты прадстаўнікоў Вольгі Абрамавай, Беларусь ня лепшая, але і ня горшая ў сфэры правоў чалавека:

(Абрамава: ) “Гэта сытуацыя пераходнага пэрыяду. Выхад з Савецкага Саюзу проста нікому ня даўся”.

Але ці ўплываюць на кіраўніцтва Беларусі падобныя заявы праваабаронцаў?

(Абрамава: ) “Я ня думаю, што гэтак так ужо ўплывае. Праваабаронцы робяць сваю справу. Вось калі іх высновы пераводзяцца на іншы ўзровень міждзяржаўных рашэньняў, тады гэты ўплывае на сытуацыю ў краіне. А да таго часу, пакуль яны робяць агульныя заключэньні па той ці іншай краіне, кіраўніцтву гэтай краіны ні холадна, ні горача”.

Гл. таксама • "Human Rights Watch" канстатуе пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі
XS
SM
MD
LG