Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Дарагія Тата й Мама! Як можаце, ня едзьце за намі, а заставайцеся ў Аргентыне”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісала беларуская прэса 19 студзеня ў розныя гады

“Советская Белоруссия”, 1946 год:

“У адпаведнасьці з арт. 35 “Палажэньня аб выбарах у Вярхоўны Савет СССР” ва ўсіх пасажырскіх цягніках далёкага праходжаньня, якія знаходзяцца ў дарозе ўвесь дзень выбараў, утвараюцца выбарчыя ўчасткі… Галасаваньне ў пасажырскіх цягніках далёкага праходжаньня будзе адбывацца ў спэцыяльна абсталяваных купэ вагонаў. Па ўсёй чыгуначнай сетцы дарог у складзе цягнікоў будуць хадзіць больш за 200 такіх вагонаў”.

“Бацькаўшчына”, 1956 год. Ліст беларускі, якую загітавалі вярнуцца ў Савецкі Саюз (перададзены праз ангельскіх маракоў):

“Дарагія Тата й Мама! Як можаце, ня едзьце за намі, а заставайцеся ў Аргентыне. Калі мы ўзышлі на карабель, ад нас зараз-жа забралі ўсе грошы, пярсьцёнкі й ручныя гадзіньнікі. Нам не дазваляюць даступіцца да нашага багажу, а мы там маем шмат харчоў. Кормяць нас “рыбнаю” юшкай, але сьледу рыбы ў гэтай юшцы няма. Мы галодныя. Мужыкоў ад нас пааддзельвалі, і мы нат ня можам зь імі пагутарыць. Што будзе далей — ня знаю, але нічога добрага пасьля гэтага ўсяго чакаць. Ня едзьце за намі!”

“Имч”, 1996 год. Ірына Халіп пра цырымонію “Калядныя сустрэчы”:

“А гэты ж палітык году! Заўсёды ён зьяўляецца, калі яго не чакаюць, проста з моста. Вядучыя колькі хвілінаў апісвалі салодкімі галасамі ўсе вартасьці палітыка году, пасьля чаго на сцэну выйшаў з засмучанай усьмешкай Аляксандар Лукашэнка… Паводле Мікалая Яроменкі, Аляксандар Лукашэнка як палітык году быў прапанаваны зусім ня сябрамі журы, а ўдзячным чалавецтвам. Да гонару Лукашэнкі, варта адзначыць, што стоячы на сцэне, аскандаліўся ён толькі раз — пераблытаў старшыню журы Мікалая Яроменку з Анатолем Ярмоленкам”.
XS
SM
MD
LG