Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК рэкамэндуе выканкамам падоўжыць працоўны дзень хаця б на гадзіну


Уладзімер Глод, Менск Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта цяпер займаюцца адначасова трыма справамі: працягваюць зьбіраць подпісы (акрамя групы Сяргея Гайдукевіча), завяраюць падпісныя лісты ў выканкамах, правяраюць у пошуках памылак сабраныя подпісы. Працы шмат. А тут яшчэ зборшчыкі подпісаў, якія пачалі завяраць свае падпісныя лісты, сутыкнуліся са складанасьцямі ў рэгіянальных адміністрацыях: чыноўнікі часта заканчваюць працу а 5-й гадзіне вечара, у выходныя дні – не працуюць наагул.

Першым на гэтую праблему ўказаў кіраўнік ініцыятыўнай групы патэнцыйнага прэтэндэнта Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб. У іншых штабах –Валерыя Фралова, Сяргея Скрабца, Аляксандра Мілінкевіча – ацэнка аднолькавая: сытуацыя з рэгістрацыяй подпісаў складаная. Заверыць іх можа толькі адна – адказная за гэта – асоба, найчасьцей старшыня альбо намесьнік старшыні райвыканкаму. А ён то недзе на нарадзе, то ў ад''езьдзе, то хварэе... А многія зборшчыкі подпісаў пакуль дабяруцца са свайго працоўнага месца да будынку адміністрацыі, дык бачаць, што працоўны дзень у патрэбнага ім кіраўніка ўжо скончыўся. І вось што гаворыць пра гэта Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) "Прымаюць і завяраюць подпісы ў асноўным да 17 гадзін. А ў выходныя дні подпісы не завяраюць. А бальшыня сябраў нашай ініцыятыўнай групы зьбіраюць подпісы пасьля работы таму, што самі працуюць. Такім чынам, вельмі складана ім заверыць свае падпісныя лісты".

Працэдура рэгістрацыі подпісаў – справа ня новая, так было і на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах. Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік цьвердзіць, што ў выбарчым заканадаўстве пра падоўжаньне часу працы асобаў, якія візіруюць выбарчыя лісты, нічога не прапісана:

(Лазавік: ) "Кіраўнікі выканкамаў, якія завяраюць подпісы сябраў ініцыятыўных груп, працуюць па звычайнаму, працоўнаму распарадку. Таму, напэўна, тым сябрам ініцыятыўных груп, якія зьбіраюць подпісы, трэба старацца прыйсьці у выканкам у рабочы час. Скажу так: на сёньняшні дзень ніякай цэйтнотаўскай абстаноўкі няма".

Хаця спадар Лазавік і гаворыць, што нечага надзвычайнага ў гэтай справе няма, Цэнтральная выбарчая камісія ўсё ж афіцыйна рэкамэндавала адказным за рэгістрацыю подпісаў супрацоўнікам выканкамаў працягнуць свой працоўны дзень, хаця б на гадзіну. У ЦВК патлумачылі, што падчас выбарчай кампаніі Цэнтарвыбаркам можа нават прыняць рашэньні, абавязковыя для выканаўчых ворганаў. Але пакуль такой неабходнасьці няма, лічаць у Цэнтральнай выбарчай камісіі.
XS
SM
MD
LG