Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Human Rights Watch" канстатуе пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі


Кастусь Бандарук, Прага Правабарончая арганізыцыя "Human Rights Watch" апублікавала штогадовую справаздачу аб сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў 70-ці краінах сьвету за 2005 год. У абшырным дакумэнце, які налічвае больш як 500 старонак, адзначаецца, што за мінулы год сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася.

У дакумэнце пералічаныя найбольш яркія і гучныя выпадкі перасьледу апазыцыйных дзеячоў, недзяржаўных арганізацыяў і незалежных мэдыяў. Для тых, хто рэгулярна слухае "Свабоду", гэта вядомыя факты. Згадваецца пра зьняволеньне Міхаіла Марыніча, Сяргея Скрабца, Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца і Андрэя Клімава.

Сярод іншага таксама згадваюцца наступныя факты:

– пад ціскам з боку ўладаў былі вымушаныя спыніць альбо абмежаваць сваю дзейнасьць праваабарончыя арганізацыі – у прыватнасьці, Беларускі Хэльсынскі камітэт;

– у красавіку летась быў закрыты Інстытут сацыяльных, эканамічных і палітычных дасьледаваньняў;

– у сакавіку нібыта за паклёп на прэзыдэнта былі пакараныя штрафамі рэдактары газэты “Згода”;

– у верасьні быў спынены распаўсюд газэты “Народная Воля”, якая акрамя таго павінна была заплаціць 50 тысяч даляраў штрафу нібыта за паклёп на аднаго з палітыкаў;

– у кастрычніку быў забіты журналіст Васіль Гроднікаў, які пісаў палітычныя артыкулы для “Народнай Волі”;

– амаль увесь мінулы год працягваўся перасьлед Саюзу палякаў Беларусі. Улады не прызналі абранае ў сакавіку кіраўніцтва Саюзу на чале з Анжалікай Борыс і арганізавалі выбары новага кіраўніцтва;

– у мінулым годзе беларускія ўлады выслалі некалькі замежных дыпляматаў і забаранілі ўезд у Беларусь дакладчыка камісіі правоў чалавека ААН Адрыяна Сэвэрына.

У справаздачы зазначаецца, што пасьля дэмакратычных зьменаў у Грузіі, ва Ўкраіне і ў Кіргыстане беларускія ўлады робяць ўсё магчымае, каб не дапусьціць чарговай каляровай рэвалюцыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

У справаздачы таксама шмат крытычных заўвагаў на адрас шэрагу краінаў: Паўночнай Карэі, Кітаю, Узбэкістану і Саудаўскай Арабіі. Блізкая да Беларусі Расея пад кіраўніцтвам Пуціна, паводле "Human Rights Watch", імкліва ператвараецца ў аўтарытарную дзяржаву. У справаздачы рэзка асуджаюцца таксама Злучаныя Штаты за негуманнае абыходжаньне з затрыманымі па абвінавачаньні ў тэрарызьме, у прыватнасьці на вайсковай базе Гуантанама. "Human Rights Watch" сьцьвярджае, што ў рамках барацьбы з тэрарызмам Захад усё часьцей скарыстоўвае недапушчальныя мэтады і ў сэнсе правоў чалавека дае астатняму сьвету не найлепшы прыклад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG