Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Слуцкам зьнікла вёска Хрэнава, і зьявілася вёска Вынішчы


Радыё Свабода Агляд некаторых выданьняў недзяржаўнага друку

У сьвежым нумары беларускай газэты “Наша Ніва” пад назваю “Сэзон падпольных канцэртаў” распавядаецца пра шэраг падпольных імпрэзаў. Гэтая зьява робіцца ўсё больш заўважнай, абвесткі распаўсюджваюцца праз Інтэрнэт і мабільныя тэлефоны. На мінулым тыдні прайшлі кансьпіратыўныя канцэрты “Нэйра Дзюбелю” й “Палацу”. На чарзе – N.R.M. “Забароненыя музыкі знайшлі спосаб, як супрацьстаяць навале”, – піша музычны аглядальнік “НН” Сяргей Будкін.

Яшчэ адна тэндэнцыя ад НН: “У Менску зьбіраць подпісы цяжэй, чым у рэгіёнах, сярод моладзі – цяжэй, чым сярод старэйшых людзей”. Аналіз кампаніі збору подпісаў.

“Наверсе баяцца не абстрактна-максымалісцкіх лёзунгаў, а менавіта пэрсаналізаванай альтэрнатывы – з вусамі і барадой гарадзенскага фізыка,” – піша ў рубрыцы “Палітычная кухня” Аляксандара Класкоўскі.

Аляксандар Фядута друкуе эсэ пра Віктара Шалкевіча: “У Маркса чалавецтва, сьмеючыся, разьвітвалася са сваёй мінуўшчынай. У Шалкевіча беларусы, сьмеючыся, аплакваюць сваю сучаснасьць”.

Слуцкая газэта “Інфа-Кур’ер” паведамляе: рашэньнем Слуцкага раённага савету перайменаваная вёска Вынісцы.. Новая назва --Вынішчы – гучыць так, быццам вёска напрошваецца на вынішчэньне. Яе ўраджэнец, фотамастак Анатоль Кляшчук, засмучаны: назва можа стаць прарочай – у вёсцы засталіся адно старыя людзі. Дарэчы, раней у Слуцку былі перайменаваныя вёскі Хрэнава – у Ветку, а Дзюдзева – ў Маяк.

Пра іншыя тэмы распавядае журналіст “Інфа-Кур’еру” Леанід Шулер:

(Шулер: ) “У нас прайшла сустрэча абласной падатковай інспэкцыі і нацбанку з прадпрымальнікамі, якія працуюць на слуцкім кірмашы. Малы бізнэс настойвае на зьменах. Штогод павялічваюцца штрафы – цяпер да 150 базавых велічыняў, дапускаецца канфіскацыя тавараў і грошай, пазбаўленьне ліцэнзіі. Гэта – ва ўмовах беспрацоўя ў Слуцку. Узмацніўся падаткавы ўціск. Прадпрымальнікі павінныя плаціць на 27-100% болей за гандлёвыя месцы. Падаткі яны вымушаныя плаціць пасьля набыцьця тавару. Не атрымаўшы ні капейкі прыбытку, яны мусяць заплаціць.

Бабруйскі “Коммерческий курьер” паведамляе пра закалоты, якімі суправаджаецца пабудова магістралі, што злучыць часткі гораду, падзеленага Бярэзінай. Магістраль пройдзе праз масіў даваенных баракаў, дзе людзі дзесяцігодзьдзямі жывуць без выгодаў. Гарвыканкам перасяляе іх у кватэры, прычым адным дастанецца новае, іншым – старое жыльлё. Судовыя разборкі сямейнікаў, фіктыўныя разводы й шлюбы, хаджэньне па інстанцыях, пратэсты супраць зносу гаспадарчых пабудоваў – усё гэта карэспандэнты “КК” бачылі на свае вочы. У гонар сёньняшняга дня ратаўніка газэта друкуе інтэрвію з начальнікам гарадзкое ўправы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Паведамляецца, што нумар пажарнай службы зьменіцца з 01 на 112.
XS
SM
MD
LG