Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Яны ўсе крычалі, што Лукашэнка быў, ёсьць і будзе"


Радыё Свабода У Салігорску камісія па справах непаўнагадовых сёньня вынесла папярэджаньне бацькам 15-гадовага актывіста моладзевага дэмакратычнага руху Івану Шылу за няправільнае, як лічаць улады, выхаваньне.

Камісія на сваім паседжаньні разглядала паводзіны Івана Шылы, які ў сьнежні быў затрыманы ў Салігорску за налепку:

(Іван Шыла: ) “Спачатку мне задалі пытаньне, дзе я ўзяў гэтыя налепкі, якія я нібыта ляпіў па горадзе. А я кажу: “Якія налепкі? Там была толькі адна. Налепка “Твая свабода”. Яны пачалі крычаць, што ў мяне дрэнны слых і г.д.

Вялікі псыхалягічны ціск, калі ты стаіш, адказваеш на пытаньні, як ты лічыш, а на цябе можа дзесяць чалавек пачынаюць глядзець такімі вачыма, ківаць галовамі, маўляў які ты дрэнны, паводзіш сябе неадэкватна. Мой бацька хацеў сказаць, каб яны цішэй казалі і на мяне нічога дрэннага не казалі, дык яны яму слова не давалі”.

Зазначыў Іван Шыла, які вучыцца ў дзевятай клясе адной з салігорскіх школ. Абураны быў сёньняшнім разглядам і яго бацька Ўладзімір Шыла:

(Уладзімер Шыла: ) “Пратакол складалі на мяне, што я нібыта не выхоўваю сына. Там была такая маналітнасьць, мяне пяць жанчын зь міліцыянтам выцягвалі з гэтага пакою. Таму што я сказаў, што я проста хачу выказаць сваю думку. Яны ўсе крычалі, каб я закрыў рот, і што Лукашэнка “быў, ёсьць і будзе”. Я пытаюся: “Чаму вы прычапіліся да гэтага Вані?” Мне кажуць: “Таму што ён прыляпіў апазыцыйную налепку”.

Зазначыў бацька моладзевага актывіста.

У камісіі па справах непаўнагадовых не адмаўляюць “нявыхаванасьці” Івана Шылы і, абураюцца яго паводзінамі. Гаворыць намесьніца старшыні камісіі Жана Карпец:

(Карпец: ) “Хай сабе налепкі на лоб клеіць альбо яшчэ куды-небудзь!”

Паводле спадарыні Карпец, бацьку вынесена вуснае папярэджаньне аб недапушчальнасьці ў далейшым падобных дзеяньняў з боку сына. Падзеі вакол Івана Шылы атрымалі розгалас у асяродзьдзі дарослых актывістаў дэмакратычнага руху Салігорску. Вось якім меркаваньнем падзяліўся лідэр мясцовай суполкі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алег Борын:

(Борын: ) “Інтэлігентны хлопчык, з інтэлігентнай сям’і. Вельмі разумны чалавечак. На яго ўзрост розуму вельмі шмат. Вельмі актыўны чалавек. Хвалюецца за Беларусь, за будучыню Беларусі”.
XS
SM
MD
LG