Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч перадаў кнігі клясу Янкі Лапіцкага


Радыё Свабода Сёньня кандыдат ад аб''яднанай апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Мілінкевіч наведаў гімназію №1 у Жодзіне, дзе ў чацьвёртай клясе вучыцца Янка Лапіцкі – адзіны вучань у горадзе, які займаецца па-беларуску. Спадар Мілінкевіч сустрэўся зь Янкам, ягонай настаўніцай і перадаў школе дзясятак беларускіх дзіцячых кніжак.

Мясцовыя ўлады забаранілі дырэктару гімназіі праводзіць сустрэчу Аляксандра Мілінкевіча зь Янкам Лапіцкім у школьным памяшканьні. Таму, каб не ствараць дадатковых цяжкасьцяў, размова зь Янкам і ягонай настаўніцай беларускай мовы Нінай Кавалеўскай адбывалася на школьным ганку, паведаміў спадар Мілінкевіч.

(Мілінкевіч: ) “Мы жадалі яму посьпехаў, таму што сапраўды гэта дзіўнае выключэньне, бо практычна ва ўсіх вялікіх гарадах няма больш беларукіх клясаў, а тут ёсьць, і ён складаецца з аднаго вучня. Янка стаўся такім сымбалем беларускасьці ў нашым школьніцтве. Для яго гэта не палітыка, а ягоныя дзіцячыя правы на навучаньне на роднай мове”.

Для Янкі Лапіцкага пасьля таго, як з-за расфармаваньня апошняй у Жодзіне беларускамоўнай клясы ён адзін год і 40 дзён вучыўся дома, стварылі асобную клясу ў гімназіі нумар адзін. Удзельнікам сёньняшняй сустрэчы на школьным ганку быў і бацька Янкі Аляксей Лапіцкі:

(Аляксей Лапіцкі: ) “Янка ўчора ня мог заснуць увечары, рыхтаваўся да сустрэчы гасьцей... Ён заўсёды з радасьцю вітае беларускамоўных людзей”.

Аляксей Лапіцкі паведаміў, што вучыцца Янка добра: на васьмёркі, дзявяткі, дзясяткі, а нядаўна заняў трэцяе месца на школьнай матэматычнай алімпіядзе.

Спадар Лапіцкі спадзяецца, што сустрэча ягонага сына з Аляксандрам Мілінкевічам паспрыяе росту аўтарытэту беларускай клясы, і на наступны год у ёй будзе больш як адзін вучань. Сам Янка таксама хацеў бы, каб па-беларуску ў Жодзіне вучылася больш дзяцей.

(Янка: ) “Я сябрам сказаў, што хутка, магчыма, будзе новы прэзыдэнт, дык яны абрадаваліся. Яны просяць, дарэчы, каб я зь імі па-беларуску размаўляў, таму што яны думаюць, што лепш будуць вучыцца па беларускай мове”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG