Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мінская авашчная фабрыка”: паміж Сьціклевым ды Трасьцянцом, як паміж Сцылаю ды Харыбдай


Віталь Сямашка, МАФ, Менскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія” (эфір 16 студзеня)

Такога я не сустракаў нават у часе сваіх шматлікіх вандровак па кінутых вёсках вакол Чарнобылю. Там у паселішчах няма людзей, але застаюцца дарожныя паказальнікі ды адпаведныя пазнакі на мапах. Тут жа, за некалькі кілямэтраў ад Менску па Магілёўскай шашы на гэткія выгоды і не спадзяюцца. Чалавек неабазнаны апынаецца, як у казцы: ідзі немаведама куды, знайдзі немаведама што. Але так існуюць ужо чатыры дзесяцігодзьдзі каля васьмісот жыхароў пасёлку сталічнай фабрыкі гародніны. Пасёлак гэты адміністрацыйна належыць да Менскага раёну, скарочана ён завецца МАФ.

(Юршэвіч: ) “Адрас наш — пасёлак “Мінская авашчная фабрыка”, так напісана беларускімі літарамі, не перакладаючы на беларускую мову. А фармальна не існуе такога паштовага адрасу, толькі штамп у пашпарце”.

Гэта кажа Віктар Юршэвіч, вызвалены старшыня жыльлёвага каапэратыву “Дружны дом”, што аб’ядноўвае пяць з паловай соцень чалавек, палова зь якіх жывуць у фабрычным інтэрнаце — адзіным тут шматпавярховым доме. Калі глядзець з вышыні, МАФ — выцягнутая на паўкілямэтра дзіда, што амаль разразае тэрыторыю фабрыкі, ці, як палічыла тагачаснае кіраўніцтва, уваходзіць у яе як яшчэ адна частка. Інакш цяжка патлумачыць, чаму калісьці не падалі адпаведных заявак ні ў праектны інстытут, ні ў тапанімічную камісію. Як вынік, пасяленьне будавалася хаатычна ды засталося безназоўным. Але, кажуць, няма нічога больш сталага, чым часовае. Жонка Віктара Юршэвіча пераконваецца ў гэтым ня першы год — вырасьлі тры пакаленьні мафаўцаў, кажа Валянціна.

(Валянціна: ) “Людзі жывуць у агульных пакоях, у іх агульная кухня. Усе камунікацыі старыя — чыняць пастаянна ацяпленьне, забівае каналізацыю. Ёсьць людзі, якія тут дзяцей пажанілі, якія старасьць сустракаюць у такіх вось умовах”.

Большасьць насельнікаў жыве на дзьвюх вуліцах у адна-двухпавярховых дамах катэджнага тыпу. Яшчэ пры канцы мінулага стагодзьдзя гэта быў пасёлак-сад — балазе, усе тут праз аднаго аграномы ды расьлінаводы. Я завітаў да 79-гадовага даўгавечніка, ляўрэата прэміяў ВДНГ Мікалая Каверніка. Побач зь ім аддаліся ўспамінам мой добраахвотны гід, сябра пасялковага камітэту Ірына Віяленцій, ды дачка гаспадара Людміла.

(Віяленцій: ) “Усюды зялёныя пасадкі былі, Мікалай Аляксандравіч колькі патраціў здароўя, калі больш як пяцьдзясят гатункаў бэзу разьвёў! Вы не ўяўляеце, якая была прыгажосьць, калі зацьвітала, які быў пах — салаўі жылі тут”.

(Людміла: ) “Нам давалі пяціпакаёвую кватэру ў цэнтры гораду ў 1976 годзе за тры маленькія пакойчыкі, бо тут і сад, і гарод, і побач зь Менскам”.



Крызыс пачаўся напачатку тысячагодзьдзя. Вырасьлі цэны на электрычнасьць, зьніклі дзярждатацыі — цяплічнае вырошчваньне гародніны і лекавых зёлак стала стратным, зьявіліся шматмільярдныя даўгі. Фабрыка, між іншым, дагэтуль стратная — на гурках, памідорах ды малацэ з прысядзібнай гаспадаркі даўгоў не аддасі. І без таго абнесенаму плотам з двух бакоў пасёлку перагарадзілі шлях у горад рамонтны ды адміністрацыйны карпусы Менскага мэтрапалітэну. Цяпер іх можна абысьці праз смуродную звалку, побач зь якой бэтонамяшалка, што выплюхвае цэмэнтны пыл — а пасьля пералезьці праз восем агароджаў Менскай кальцавой дарогі. Зрэшты, мае павярхоўныя назіраньні хай надалей заменяць галасы мафаўцаў, а я абышоў каля двух дзясяткаў жыхароў. Знаёмыя вам Людміла Кавернік ды Ірына Віяленцій працягваюць:

(Людміла: ) “Жылі, як у садзе, а жывем, як у гета. Калі бруд, ні прайсьці, ні праехаць. Калі завіруха, таксама няма дарогі. Цёмна цяпер у пяць гадзін — прабачце, ідзеш-дрыжыш за жыцьцё. Здымалі шубы, зьбівалі, забіралі грошы, сумкі”.

(Віяленцій: ) “Цяпер, ня дай Божа, пажар, да нас машына не даедзе. І ўцякаць няма куды. Мэтрапалітэн і фабрыка — гарадзкія структуры, дык чаму б не падаць аўтобус?! Няма крамы — як пэнсіянэру апынуцца ў такім стане, што хлеба няма як купіць?!”

Пэнсіянэраў, дарэчы, у пасёлку да 40 адсоткаў. Хата яшчэ аднаго, Аркадзя Іванавіча Дуброўскага — на ўскраіне. Гаспадар калісьці закладаў у фабрычны падмурак першыя камяні.

(Дуброўскі: ) “Стаўленьне такое: мы адпрацавалі ўсё жыцьцё і нікому не патрэбныя. Нават калі здараецца што з вадой, ноймеш каго за свае капейкі. А тут дарога разьбітая, у зімовы пэрыяд ніхто ня чысьціць — гаспадары з рыдлёўкамі выйдуць, ці, іншы раз, трактарысту заплаціш сваімі. У мяне тут бацька паміраў, выклікалі хуткую, дык я бег на другі бок пасёлку і на руках трэба было выносіць”.

Тым часам, сам МАФ вэртыкаль прапанавала адміністрацыйна падзяліць між суседнімі вёскамі Сьціклева ды Трасьцянец. Супраць паўсталі, бадай, усе тутэйшыя: маўляў, гэта бюракратычная спроба сысьці ад вырашэньня іх рэальных праблемаў. Больш за тое, дадаць яшчэ іншыя, лічаць вядомыя вам спадары Віяленцій і Дуброўскі.

(Дуброўскі: ) “Хацелі спачатку ў Трасьцянец — а ў нас паліклініка гарадзкая, а перавесьці — захварэў, трэба ехаць у Бараўляны. Іншая ўся дакумэнтацыя — і ў пашпарце прапіска, і аўтамашыны перарэгістрацыя, тым больш, толькі прыватызаваліся. На новы адрас пераводзіцца — зноў плаціць. А з чаго?!”

(Віяленцій: ) “Я так думаю, гэтую фабрыку хочуць дабіць да канца і тады прыватызаваць за бесцань!”

Побач з МАФам, дарэчы, ужо здадзены камэрцыйным структурам некаторыя былыя фабрычныя плошчы. 21-гадовы ды-джэй Віталь Шапшур папрасіў уключыць мікрафон на два словы — маўляў, кароткія, але слушныя.



(Шапшур: ) “Мы тут, у МАФе, жывем паміж Сьціклевым ды Трасьцянцом, як паміж Сцылаю ды Харыбдай”.



Перабіраю патрабаваньні мафаўцаў са зваротаў у розныя інстанцыі — ад пасялковага савету да пракуратуры і Саўміну: аднесьці агароджу на 5 мэтраў дзеля заезду машынаў хуткай дапамогі ды пажарнай аховы, зьліквідаваць прыватны растваральны вузел, з-за якога павялічваюцца накапленьні ў зямлі цэмэнтнага пылу, адчыніць гандлёвую кропку, аднавіць асьвятленьне вуліцаў… Тым ня менш, напярэдадні маёй вандроўкі адбылося вынішчэньне ліпавай алеі са 110 дрэваў і бярозавага гаю, якія стваралі ня толькі прыгажосьць, але і чыстае паветра вакол МАФу. На іх месцы збудавалі двухмэтровы плот з калючым дротам наверсе, што, кажуць, назаўжды пахавала магчымасьць прайсьці кароткім шляхам у горад праз тэрыторыю фабрыкі. Цяперашні дырэктар фабрыкі Парчэўскі так патлумачыў мне гэты свой загад:

(Парчэўскі: ) “Усе фабрыкі маюць паркан, праектна-каштарысную дакумэнтацыю распрацаваў “Менсквадбуд”. Мы на распараджэньне прэзыдэнта будуем новае цяплічнае прадпрыемства, дарагое абсталяваньне, а тут бамжы жылі”.

Мафаўцы, аднак, успрынялі будаўніцтва паркана як яшчэ адзін “бяздумны наступ на іх правы”, што і адлюстравана ў новых калектыўных зваротах. А Ірына Віяленцій, жанчына пэнсійнага веку, спрабавала бараніць прыроду сваім целам — даслоўна!



(Віяленцій: ) “Калі з агароджай гэтай наблізіліся да майго дому, я ўзяла адгул і чакала. Ім трэба было бульдозэрам выкапаць яму, каб усталяваць апору пад бэтонную плыту. Я іх прасіла: хлопцы, не капайце, тут вада сьцякае вясной, возера каля нас стаіць. Спачатку зьберагла тры ліпы, яблыню і куст бэзу — сваім целам! Тады прыйшлі тры ахоўнікі, удвух учапіліся мне ў рукі, а трэці размахнуўся і кулаком мне ў скроню даў. Дачка выклікала доктара, а той хуткую дапамогу. Завезьлі ў бальніцу, судмэдэкспэртызу прайшла. А ўчастковы прыйшоў у гэты дзень, угаворваў, каб я не заводзіла ніякай справы, і ён дае мне паперу, каб я расьпісалася. Бачу: тлумачальную запіску ад майго імя напісаў! Я кажу: не, хлопча, ты запіскі ў іх бяры, а мне павінен скласьці пратакол!”

Вось як мне патлумачылі вытокі канфлікту тутэйшыя. Былая кіраўніца справаў Адміністрацыі прэзыдэнта, асуджаная цяпер Галіна Жураўкова, дамаглася, каб пяць гадоў таму Менская фабрыка гародніны была перададзеная адной са структураў адміністрацыі — “Белзьнешгандальінвэсту”. На загад экс-дырэктара Леўчанкі (кажуць, цяпер у вышуку Інтэрполу) рабочыя плошчы сталі “бясплатнай базай для захоўваньня трактароў, што рэалізоўваліся ў Расеі праз падстаўныя фірмы” — пісалі яшчэ тады фабрычныя ў адкрытым лісьце на імя тагачаснага старшыні КДБ Ерына. Але Жураўкову не кранула і тое, што, прыкладам, плянтацыя жэньшэню асягнула 6 гектараў, была названая нацыянальным здабыткам Беларусі. Гледзячы па ўсім, не кранае гэта і сёньняшняга дырэктара Парчэўскага, пятнаццатага ўжо кіраўніка за памянёнае пяцігодзьдзе — яго, як той казаў,“перакінулі” з Барысаўскага мельзаводу. Зьверху ставіліся не прафэсіяналы, а памагатыя, цьвердзіць былая загадчыца цэху лекавых зёлак Ірына Віяленцій.

(Віяленцій: ) “А Парчэўскі ў гэтым годзе выкарчаваў паўгектара абляпіхі, сотак дваццаць бружмелю, пятнаццаць сотак барбарыса, айвы японскай сотак дзесяць, лімоньніка кітайскага выразалі паўгектара — сямнаццаць гадоў рос! Жэньшэнь выкапалі ўвесь…”

Дырэктара не хвалюе, зрэшты, і лёс мафаўцаў, пра што ў часе нашай тэлефоннай размовы ён сказаў наўпрост.

(Карэспандэнт: ) “Пракамэнтуйце тое, што ў вас высеклі жэньшэнь…”

(Парчэўскі: ) “Гэта лухта, у мяне такіх фактаў няма. Мы ж не гаворым, што гэта жанчына ўнесла сем гадоў таму атруту на карані жэньшэню і іх зьнішчыла. Мы навялі парадак пасьля яе. Барбарыс, лаза расла — правільна зрабілі, што прыбралі, там хмызьняк быў. Мы цэх лекавых зёлак узаралі, расаду пасадзілі. Балбатаць можна адно, час у вас і мяне адбіраць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы неяк думаеце дапамагаць пасёлку?”

(Парчэўскі: ) “Ёсьць рашэньне ўраду: усё жыльлёва-інжынэрныя сеткі перадаць на балянс раённага ЖКХ. Фабрыка мае сёньня крэдыторскую запазычанасьць 10,5 мільярда рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “Але там жа ні таксі, ні хуткая, калі што, ня зможа даехаць, людзі ж прасілі крыху аднесьці паркан, 110 ліп сьсяклі…”

(Парчэўскі: ) “Дзе трэба куды ўехаць — гэта ня нашы праблемы, не да мяне. Там адна жанчына бударажыць, няма ёй чаго рабіць”.

“Жанчына” — знаёмая нам спадарыня Віяленціё. Ня даць ёй часу на адказ, тым больш, абвінавачаньне, ня маю права.

(Віяленцій: ) “Спадар Парчэўскі, ваша неасьцярожнае выказваньне наконт атруты можа быць абскарджана пра суд — гэта першае. У лекавым садзе “Віяленцій” я працавала да пачатку 2001-га. За захаваньне і разьвіцьцё плянтацыяў у 1998-м мне была прысуджаная эўрапейская прэмія Гэнры Форда. А сярод краінаў Эўропы лекавы сад заняў шостае месца. Да моманту майго звальненьня адзіны працаваў з прыбыткам. З аднаго гектара мы зьбіралі 10 тон лекавага кораня, а вы сабралі паўтоны — дзе астатнія?! Якая ў вас тэхналёгія, ужо вядома — усё вынішчыць. І калі абляпіху, лімоньнік кітайскі, бужмель, айву японскую вы, спадар Парчэўскі, прынялі за хмыз, паўстае пытаньне: ці можна вам давяраць такую далікатную справу, як гэтая?!”

Ужо са студыі “Свабоды” на сем мафаўскіх бедаў атрымліваю першы станоўчы адказ — ад старшыні Навадворскага сельсавету Тамары Ўладзімераўны Хільчык.

(Хільчык: ) “Ведаем, усё ведаем. Мы шапік прадуктовы адкрыць далі дазвол, МНС выклікалі зрабіць апісаньне дрэваў. Мы ад сельскага савету просім захаваць тую назву, якую патрабуюць грамадзяне — МАФ”.

Апошнія, з кім сустрэўся, былі сябра пасялковага камітэту 59-гадовы будаўнік Аляксандар Лаханскі ды 22-гадовы токар Аляксей Петушок:

(Лаханскі: ) “Як змагаліся… Дарогу рэйкамі, жалезам летам, як самы цэмэнтны пыл, перакрывалі разы два. А за прыроду, зямлю, што забрудзілі, у пракуратуру будзем пісаць. Далей змагацца будзем і жыць на сваёй зямлі. Мы нікому яе не аддамо і хочам жыць, як людзі. Мы, беларусы, вайну, голад перажылі, беларусы — мудрыя людзі, і ўсё гэтым сказана. Прыдумаем нешта і ладнага жыцьця даб’емся”.

(Петушок: ) “Мая будучыня тут, і я хачу застацца тут назаўжды”.



Апошнія гады патомная пявуньня спадарыня Віяленцій спрабуе голас усё радзей. Кажа, меншае радасьці дзеля сьпеўнага адхланьня, а самота, толькі і глядзі, стане плачам. Гэтым разам з акна ейнай хаты мы глядзелі на першыя паўтара дзясятка елачак ды сасонак, што яны зь сяброўкай пасадзілі на месцы сьсечаных дрэваў. Там я яе і сфатаграфаваў. Гэты здымак перада мной і цяпер. І яна сьпявала.
XS
SM
MD
LG