Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабец: перад судом мяне распранаюць і трымаюць у халодным падвале


Радыё Свабода Сяргей Скрабец паскардзіўся суду на хваробу нырак і бяспраўе ў Менскім сьледчым ізалятары. Тым часам на працэсе над былым дэпутатам пачалі выступаць сьведкі.

18 студзеня ў Вярхоўным судзе працягваўся працэс над былым дэпутатам Сяргеем Скрабцом і ягоным братам Аляксандрам. Сёньня паседжаньне пачалося з заявы Сяргея Скрабца пра абвастрэньне хваробы нырак.

Прычынай абвастрэньня падсудны лічыць стаўленьне турэмшчыкаў: раніцай яны трымаюць яго ў халодным падвале, дзе распранаюць і абшукваюць, пасьля вязуць у халоднай машыне ў суд. Сяргей Скрабец нагадаў, што працягвае галадоўку, і такое абыходжаньне лічыць катаваньнем.

“Паводле стану здароўя я не магу прысутнічаць на працэсе”, — заявіў Сяргей Скрабец. Судзьдзя Віктар Ракіцкі выклікаў брыгаду хуткай дапамогі, якая агледзела вязьня. “Ціск 150 на 90, сэрца працуе нармальна, тэмпэратура 36,6”, — паведаміў судзьдзя вынікі мэдычнага агляду Сяргея Скрабца і вырашыў працягваць працэс. Сяргей Скрабец на гэта толькі пасьпеў заўважыць, што тэмпэратуры яму ня мерылі.

Сёньня ў судзе выступіў адзін з галоўных сьведак у эпізодзе аб выманьваньні крэдыту — Вадзім Іосуб, які некалькі месяцаў у 2001 годзе працаваў генэральным дырэктарам гандлёвага дому “Белбабаеўскае”. Нагадаю, да абраньня дэпутатам у 2000 годзе фірмай кіраваў Сяргей Скрабец. Два гады таму Вадзім Іосуб быў асуджаны па справе аб невяртаньні фірмай “Белбабаеўскае” крэдыту “Беларусьбанку” на 340 тысяч даляраў. Сьведка адсядзеў два гады ў калёніі. Цяпер Вадзім Іосуб сьцьвярджае, што пасаду гендырэктара ён займаў намінальна, а фірмай кіравалі іншыя людзі. Паводле сьведкі, кіраваў брат Скрабца Аляксандар, а дэпутат Скрабец дапамагаў атрымліваць крэдыты ў 510-м філіяле “Беларусьбанку”, з кіраўніком якога меў добрыя адносіны. Сваё меркаваньне Вадзім Іосуб паўтарыў для Радыё Свабода:

(Іосуб: ) “Верагодна, губляць рэальныя вагары кіраваньня гэтай бізнэсовай структурай ніхто не жадаў. Мяркую, Сяргею Скрабцу насамрэч было ўсё роўна, я гэта буду ці ня я. Пытаньне стаяла гэтак, што трэба знайсьці хоць каго. Пад руку трапіўся я”.

Вадзім Іосуб паведаміў суду, што ён, намінальны гендырэктар, нават ня меў у офісе кампаніі працоўнага кабінэта і падпісваў ня ўсе дакумэнты, дзе неабходны быў ягоны подпіс. Частку сваіх подпісаў ён назваў фальшыўкай. Сьведка заявіў, што фінансавыя магчымасьці фірмы дазвалялі пагасіць крэдыт хаця б часткова. Пры гэтым ён усё ж не перакананы, што крэдыт не вярнулі наўмысна.

Сёньня ў судзе Сяргей Скрабец зрабіў яшчэ адну важную заяву. Ён сказаў, што ў Менскім сьледчым ізалятары, дзе яго трымаюць, невядомыя супрацоўнікі ў масках і чорнай уніформе нібыта зьбіваюць падсьледных. Судзьдзя Віктар Ракіцкі адмовіўся разьбірацца ў гэтай справе, спаслаўшыся на тое, што сьледчы ізалятар суду не падпарадкаваны.

Я патэлефанаваў у Менскі сьледчы ізалятар і папрасіў пракамэнтаваць заяву Сяргея Скрабца. Вось адказ намесьніка начальніка ізалятару Сяргея Шушканава:

(Шушканаў: ) “Хай робіць якія заўгодна заявы. Па тэлефоне я вам нічога не скажу, ніякіх камэнтароў ня будзе”.

Сяргея Скрабца трымаюць за кратамі з траўня мінулага году. Яго абвінавачваюць у выманьваньні крэдыту, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару. 18-ты дзень Сяргей Скрабец трымае галадоўку, пратэстуючы супраць арышту. Ён заяўляе, што яго перасьледуюць за апазыцыйную дзейнасьць і намер абірацца на прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG