Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зьмяніць уладу на сакавіцкіх выбарах апазыцыі ня ўдасца”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці ня здарыцца так, што сёлетнія сакавіцкія прэзыдэнцкія выбары стануць люстраным адбіткам выбараў 2001 году? Назіраючы за тым, як адбываецца збор подпісаў за вылучэньне патэнцыйных кандыдатаў і як асьвятляецца выбарчая кампанія ў сродках масавай інфармацыі, многія нашы слухачы прыходзяць да высновы, што адказ на гэтае пытаньне зь вялікай верагоднасьцю можна даць ужо сёньня. Так, у прыватнасьці, лічыць Вольга Ганчарова з Гомелю:

“Зьмяніць уладу ў Беларусі на сакавіцкіх выбарах апазыцыі, вядома, не ўдасца. Напэўна, можна толькі паспачуваць гэтым людзям, якія робяць цяжкую справу, загадзя ведаючы, што яна асуджана на няўдачу. Я не хачу зламысна ўсьміхацца, назіраючы, як маладыя і шчырыя хлопцы і дзяўчаты змагаюцца зь ветракамі. Сама калісьці была такой. І на камітэце камсамолу мяне “прапясочвалі” за ўдзел у нефармальных арганізацыях, і зь бел-чырвона-белым сьцягам на мітынгі бегала ў 1990 годзе... І чаго мы ў выніку дасягнулі? Марылі пра незалежную дэмакратычную краіну, пра адраджэньне мовы і нацыі, пра тое, што прэзыдэнтам стане мудры інтэлігентны чалавек, які сьвята будзе выконваць Канстытуцыю.

А ў выніку? Часта думаю: чаму так атрымалася? Вядома, дэмакратычныя сілы ў нас і тады, на пачатку 1990-х, былі слабенькія і ня надта здольныя да эфэктыўных дзеяньняў. Але няўжо справа толькі ў гэтым? Проста Беларусі ўжо даўно і фатальна не шанцуе. І ці пашанцуе ў будучыні, невядома. Пакуль што зьменаў ні я, ні мае знаёмыя не прадбачым. Наперадзе — нейкі няпэўны, расьцягнуты ў часе застой, накшталт брэжнеўскага, у якім вырасьлі нашы бацькі і нарадзіліся мы”.

Ва ўсіх эўрапейскіх постсавецкіх і постсацыялістычных краінах адбываўся і адбываецца пераходны пэрыяд ад аўтакратыі і таталітарызму да дэмакратычнага ладу. Адны гэты пэрыяд здолелі прайсьці хутка і параўнальна лёгка, у іншых ён зацягнуўся на доўгія гады. Чаму зацягнуўся? Тут шмат прычынаў, і палітычных, і гістарычных, і эканамічных. Напэўна, адна з галоўных — гатоўнасьць самога грамадзтва да дэмакратычных пераўтварэньняў, успрыняцьце грамадзкай сьвядомасьцю каштоўнасьцяў свабоднага сьвету. Беларускае грамадзтва тут прыпазьнілася: яно цяжка і пакутліва разьвітваецца зь ілюзіямі мінулага — відавочна, у многім менавіта з гэтай прычыны і стала магчымай цяперашняя сытуацыя. Хоць дэмакратыя і свабода непазьбежна прыйдуць і ў гэтую частку кантынэнту, бо рана ці позна беларусы, як і ўсе іх суседзі, на ўласным досьведзе і ўласных памылках пераканаюцца ў тым, пры якім дзяржаўным ладзе людзі пачуваюцца годна і жывуць заможна і свабодна.

Наш даўні слухач Мікалай Волін зь Менску ў сваім новым лісьце выказваецца наконт таго, што кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта пажадалі стаць адразу некалькі дэмакратычных палітыкаў.

“Асабіста я не знаёмы ні з кім зь іх. Чуў толькі па Радыё Свабода. Раней усім ім спачуваў як таварышам па барацьбе за свабоду. Але пасьля Кангрэсу дэмакратычных сілаў маё стаўленьне да Фралова, Казуліна ды іншых палітыкаў, якія не пажадалі аб’яднацца вакол абранага большасьцю дэлегатаў адзінага кандыдата, рэзка зьмянілася да горшага. Лічу, што яны фактычна паставілі ўласныя амбіцыі вышэй за лёс Беларусі. Расчараваны я таксама паводзінамі такіх сацыял-дэмакратаў, як Грыб, Кароль ды іншыя, якія падтрымалі вылучэньне Казуліна. Такія памылкі палітыкам не даруюцца. Хаця, вядома, у іх яшчэ ёсьць нейкі час, каб адумацца. Няўжо інтарэсы партыі для іх важнейшыя за свабоду? Няўжо яны не разумеюць, наколькі эгаістычныя, беспэрспэктыўныя і непрыгожыя такія паводзіны?

І як на гэтым тле разумна, высакародна і патрыятычна паводзяць сябе лідэры самых уплывовых апазыцыйных партыяў — БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай — Вінцук Вячорка і Анатоль Лябедзька, якія падтрымалі кандыдатуру Мілінкевіча. Цудоўна, што ў нас ёсьць такія лідэры. Гэта дае спадзяваньні на лепшае”.

Магчыма, спадар Волін, вашы ацэнкі занадта катэгарычныя і заўчасныя. У тых згаданых у лісьце палітыкаў, ініцыятыўныя групы якіх сёньня зьбіраюць подпісы выбаршчыкаў, свая лёгіка: а раптам у выніку рэгістрацыі якраз кандыдатура Аляксандра Мілінкевіча ня трапіць у выбарчы бюлетэнь? За каго з кандыдатаў у такім выпадку будзе галасаваць дэмакратычная частка грамадзтва?

Зь іншага боку, прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча на гэта пярэчаць: калі дэмакратычных прэтэндэнтаў шмат — улада мае магчымасьць выбіраць сярод іх найбольш зручнага суперніка для Аляксандра Лукашэнкі. У кожным разе, апошнія дні перад рэгістрацыяй кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта многае расставяць па сваіх месцах. Вельмі можа здарыцца, што і Аляксандра Мілінкевіча, і Аляксандра Казуліна, і Валерыя Фралова вы, спадар Волін, яшчэ ўбачыце ў адной камандзе.

Ліст з Докшыцаў, які падпісалі спадары Ставер, Модэль, Герасімёнак, Курдэка і Хадасевіч. Яны пішуць:

“Яшчэ нядаўна мы атрымлівалі газэту “Народная Воля” і мелі дзякуючы ёй глыток праўды. Любімая газэта давала хоць крышачку нейкай радасьці і надзеі на зьмены. І вось “Народнай Волі” ня стала — да нас яна не даходзіць. Пасьля гэтага мы нават ня ведалі, што рабіць. Многія былі ў роспачы, некаторыя плакалі. На шчасьце, нам падказалі выйсьце з гэтай сытуацыі — можна слухаць “Свабоду” і глядзець спадарожнікавае тэлебачаньне. Мы знайшлі грошы на невялічкі прыймачык і цяпер з радасьцю вас слухаем”.

Далей у сваім лісьце докшыцкія слухачы выказваюць стаўленьне да выбарчай кампаніі:

“Людзі проста ня ведаюць імёнаў іншых прэтэндэнтаў, апроч аднаго. Пра апазыцыйных палітыкаў, якія таксама вылучаюцца, ніякай інфармацыі няма — пра іх нічога не паведамляюць, нават прозьвішчаў, каб ніхто нічога не дазнаўся. У горадзе і вёсках па хатах і кватэрах ходзяць з падпіснымі лістамі за Лукашэнку. Людзі напалоханыя, баяцца: а раптам, калі не паставіш подпіс, звольняць з працы ці не дадуць пэнсіі. Гэтаксама будзе і з галасаваньнем. Мы ж памятаем, як было пяць год таму. Ня тое, што за тры дні — нават за тыдзень гналі пад прымусам з усіх прадпрыемстваў галасаваць датэрмінова. А што было потым з гэтымі датэрмінова ўкінутымі бюлетэнямі, Бог ведае.

Як жа паўплываць на тое, каб такога самаўладзтва не было? А менавіта: каб пры ўсёй гэтай працэдуры прысутнічалі хаця б два назіральнікі ад апазыцыі, альбо хаця б такія людзі, якія не падтанцоўваюць уладзе, а хочуць сапраўднай справядлівасьці ў гэтых выбарах. Якім ужо абрыдла такое жыцьцё, і яны хочуць лепшай долі для сваіх дзяцей і ўнукаў”.

Што да сытуацыі вакол “Народнай Волі”, мы часта і падрабязна яе асьвятляем. Газэта на працягу апошніх тыдняў сутыкнулася зь вялікімі праблемамі: яе ня толькі пазбавілі магчымасьці друкавацца ў Беларусі, распаўсюджвацца праз падпіску і кіёскі “Белсаюздруку”, але і некалькі разоў затрымлівалі ўвесь наклад на беларуска-расейскай мяжы. Але журналісты і выдаўцы стараюцца наладзіць уласную сыстэму распаўсюду і абяцаюць, што ў хуткім часе “Народную Волю” змогуць чытаць і ў Докшыцах, і ў іншых беларускіх рэгіёнах.

Што да незалежных назіральнікаў. Натуральна, паважаныя слухачы, у цяперашніх беларускіх умовах без грамадзкага кантролю справядлівыя выбары наўрад ці магчымыя. Але разьлічваць на тое, што менскія ці замежныя назіральнікі наведаюць кожную вёску і пасёлак, не выпадае. Пакуль самі людзі на сваіх участках, у сваіх вёсках і калгасах не запатрабуюць такога кантролю і справядлівых выбараў, пакуль самі ня стануць назіральнікамі, сытуацыя наўрад ці зьменіцца.

Наш слухач Вікенці Шымак зь вёскі Чырканцы Лідзкага раёну разам зь лістом даслаў адзін з нумароў польскамоўнай газэты “Ziemia Lidzka”, якая выдаецца ў Лідзе пры падтрымцы польскіх уладаў і фондаў. Слухача ўразіла публікацыя ўспамінаў жыхара польскага Памор’я Анджэя Аборскага, у якіх згадваецца імя Янкі Купалы. Ва ўспамінах ёсьць, у прыватнасьці, такія радкі:

“Адна з сясьцёр маёй бабулі выйшла замуж за Луцэвіча, польскага шляхціца з-пад Койданава. Луцэвічы мелі трох сыноў. Самы малодшы зь іх — Янэк — сказаў, што будзе беларускім паэтам. І гэта якраз той Янка Купала. Ён там застаўся, зьвязаўся з бальшавікамі, быў такім ідэалістам: думаў, што там будзе рай на зямлі. Раю не было — былі Курапаты. Але Янка, на шчасьце, не загінуў, а памёр сваёй сьмерцю. Яго бабуля выехала ў Польшчу ў 1919 годзе. Калі Менск пасьля Рыскай дамовы пакідалі войскі Пілсудзкага, дык зь імі выехалі і нашы сваякі. І нашчадкі Луцэвічаў дагэтуль жывуць у Гданьску”.

Што ж, спадар Шымак, гэта прыватныя ўспаміны і ацэнкі чалавека, які жыве далёка ад Беларусі і ня надта добра знаёмы зь біяграфіяй Янкі Купалы і зь беларускай гісторыяй. У Беларусі кожны школьнік ведае і пра зусім не ідылічныя ўзаемадачыненьні Янкі Купалы з бальшавіцкімі ўладамі, і пра трагічную гібель паэта ў гатэлі “Масква” 28 чэрвеня 1942 году.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG