Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Зрабілі б падарожжа па Чэхіі, расказалі, як там у вёсцы людзі жывуць, параўналі б..."


Радыё Свабода Водгукі слухачоў 18 студзеня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня:) “Аляксандар Рыгоравіч, заклікаю вас, здыміце сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты Беларусі! Для вас прадпрымальнікі “вашывыя блохі”, а апазыцыя “отморозки”. Хопіць падманваць і прыніжаць беларускі народ!”

(Спадар:) “Скажыце, чаму няма адказу на пытаньне, калі Зянон Пазьняк ступіць на родную зямлю? Задайце гэтае пытаньне ўраду. Колькі гэта будзе працягвацца?”

(Багавец Аляксандар, Шымкі:) “Толькі што выслухаў вашых пустагаловых філёзафаў-аналітыкаў. І сьмешна стала, як хлопцы стараюцца, выдаюць свае фантазіі за рэчаіснасьць. Забываць, што акрамя іх ёсьць яшчэ беларускі народ, які мае свае мазгі і някепскія.

(Спадар:) “Вось у пацьверджаньне меркаваньня аб вашым ніжэйшым узроўні ў параўнаньні зь іншымі станцыямі, хацеў бы пазнаёміць вас са станцыяй “Эрэфі”, Францыя. Дык вось яны сёньня ўвечары паведамілі пра візыт Мэркель, пра пытаньні, якія яна ставіла, што пра правы чалавека было зачэплена толькі пытаньне пра Чачню. А вы ў сваёй учорашняй перадачы, скажу можа зьняважліва да вас, кукарэкалі, што яе прымусілі там у Нямеччыне падняць пытаньне і пра Беларусь. Чаму ж вы сёньня нічога не даведаліся, не паведамілі нам? Ці вы самі карыстаецеся толькі газэтнымі публікацыямі, ці толькі іншыя слухаеце? Няўжо ў вас няма сваіх крыніц-інфармацыі?

А для мяне вось цікавае пытаньне, каб вы зрабілі падарожжа па Чэхіі, расказалі, як там у вёсцы людзі жывуць, параўналі б. А то ўсё Беларусь ды Беларусь, няма з чым параўнаць. Напрыклад, з той жа Літвой маглі б параўнаць. Можна нават па Ўкраіне зрабіць падарожжа, каб параўнаць, па Расеі. Колькі вы яшчэ ровар прыдумляць будзеце? Паказваеце, як людзі ў вёсках жывуць. Трэба было хоць у воднага вяскоўца запытаць, ці слухае ён гэта, ці мае ён магчымасьць паслухаць тое, пра што вы расказваеце”.

(Міхаіл Леках:) “Хачу дакрануцца рэпартажаў вашага карэспандэнта ў Польшчы. Гэты чалавек перадае паўпраўду. А Польшча, дзе рэальнае беспрацоўе каля 30 адсоткаў, самая зладзейская карумпаваная дзяржава. Гэта не мая адзнака, гэта ацэнка Эўрапейскага Саюзу, то бок сацыяльны хлеў. І вось кіраўнік сацыяльнага хляву вучыць Беларусь жыць, уключая прэзыдэнта і г.д. Дык трэба пра Польшчу праўду казаць, каб людзі ведалі, хто кіруе сацыяльным хлявом! Я лічу, што праца карэспандэнта, мякка кажучы, нездавальняючая!”

(Яцкевіч Аляксандар Анатольевіч, Віцебск:) “Добры дзень, паважаная радыёстанцыя “Свабода”! Учора прыйшлі два міліцыянты і склалі пратакол за тое, што дзіця нешта сказала на другое дзіцё яшчэ да канікулаў, заднім чыслом. Зусім ужо здурнелі. Пазванілі кляснаму кіраўніку, дык тая толькі рагоча і гаворыць, што нічога ня ведае. А міліцыянты кажуць, што такія паказаньні дала настаўніца. Што гэта робіцца? Пра якую дэмакратыю мы можам казаць?”

(Спадар:) “Сёньня ноччу на расейскай Свабодзе абмяркоўвалася пытаньне выбараў на Беларусі: каго выбіраем, прэзыдэнта ці Лукашэнку, і што такое дэмакратыя. Сярод удзельнікаў была і спадарыня Навадворская, якая сказала, што такое дэмакратыя, як яны разумеюць: “Дэмакратыя – гэта калі дзяржава садзіцца ў заходнюю лодку, лодку Амэрыкі – і ўсе, і плыве. Тады ўсё будзе ў парадку. Вось гэта і ёсьць дэмакратыя”. Бог ты мой! Гэта ж звар’яцець можна! Няўжо і вы так думаеце?”
XS
SM
MD
LG