Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выходзіць музычны альбом “Жыць для Беларусі” паводле паэзіі Геніюш


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў Менскім Доме літаратара мае адбыцца прэзэнтацыя музычна-паэтычнага альбому “Жыць для Беларусі”. Гэта кампакт-дыск, які складаюць песьні, напісаныя на вершы Ларысы Геніюш у выкананьні вядомых беларускіх музыкаў. Адметнасьцю альбому стане тое, што музычныя кампазыцыі тут перамежаваныя зь вершамі, якія чытае сама Ларыса Геніюш.

Усяго запісана 20 песьняў у выкананьні вядомых і папулярных сьпевакоў, а таксама пачаткоўцаў. Да прыкладу, Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Вольга Цярэшчанка, Зьміцер Бартосік, Ларыса Сімаковіч, Віктар Скарабагатаў, гурт “План” і іншыя. Дарэчы, бальшыня зь іх мае ўзяць удзел у сёньняшняй вечарыне. Аматары творчасьці Геніюш пачуюць ужо вядомыя “Ноч з марозікам”, “Запяі мне песьню” -- але многія вершы Ларысы Геніюш, пакладзеныя на музыку, прагучаць упершыню, паколькі выканаўцы пісалі іх адмыслова для новага альбому.

Але, бадай, самым важкім здабыткам й адметнасьцю кампакт-дыску стане магчымасьць пачуць голас самой паэткі. Вершы Ларысы Геніюш у аўтарскім выкананьні захаваў у архіўных аўдыёзапісах Сяргей Панізьнік, дзякуючы якому пачуць Ларысу Геніюш цяпер здолеюць многія прыхільнікі таленту паэткі. Вяртаючыся да зьместу вечарыны, скажу яшчэ, што ўдзел у імпрэзе прыме Рыгор Барадулін, Міхась Скобла, які таксама будзе прэзэнтаваць кнігу эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш “Каб вы ведалі”.

Раней музычны альбом на словы Ларысы Геніюш выходзіў толькі аднойчы – у выкананьні гурту “Беларускія Песьняры” й называўся ён “Жывем”. Адна зь песьняў у выкананьні Уладзімера Мулявіна нават увайшла ў склад новага кампакт-дыску. Было таксама шмат кампазыцыяў паводле творчасьці Геніюш, запісаных асобнымі выканаўцамі. Дарэчы, як паведаміў Свабодзе ўкладальнік альбому, лідэр грамадзкай арганізацыі Беларуская музычная альтэрнатыва Віталь Супрановіч, прапановаў было даволі шмат, так што многія песьні проста не змаглі ўвайсьці ў новы альбом. Таму ня выключана, што неўзабаве зьявіцца ягоны працяг.

“Жыць для Беларусі” выйшаў у сэрыі “Музычны архіў”, якая была заснаваная з мэтай папулярызацыі дзеячоў беларускага адраджэньня, імёны якіх былі незаслужана забытыя. Гэткім чынам, раней зьявіліся кампакт-дыскі з песьнямі Станіслава Манюшкі, Міхася Забэйды-Суміцкага, Міколы Равенскага. Выдаўцы мяркуюць таксама далучыць да гэтага сьпісу імёны Максіма Багдановіча, Уладзімера Караткевіча й іншых”.
XS
SM
MD
LG