Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім павінен быць зборшчык подпісаў?


Радыё Свабода Завяршаецца трэці тыдзень збору подпісаў за прэтэндэнтаў на прэзыдэнта. Ад чаго залежыць колькасьць сабраных подпісаў? Якія фактары вызначаюць вынікі працы ініцыятыўных груп? Віктар Каралькоў, які каардынуе ў Горках збор подпісаў за Зянона Пазьняка, адзначае, што на колькасьць пастаўленых подпісаў перадусім уплывае асоба самога прэтэндэнта.

(Каралькоў: ) “Мяркуюць па Пазьняку ўсё ж такі, па дзеяньнях, якія ён рабіў апошнія 20 гадоў. Гэтыя дзеяньні былі як бы заўважаныя. Не таму, што імя ён такое мае, а таму, што ёсьць у людзей нейкі спадзеў, што Пазьняк – гэта такі змагар, які можа павесьці за сабой, можа стаць “косткай у горле” сёньняшняй уладзе”.

Але, як лічаць самі сябры ініцыятыўных груп, колькасьць сабраных галасоў наўпрост залежыць і ад асобы зборшчыка подпісаў. Асабліва моцна гэтая залежнасьць выяўляецца ў невялікіх гарадах, мястэчках і вёсках, жыхары якіх звычайна асабіста добра ведаюць тых, хто зьбірае подпісы. Гаворыць Віктар Крываль з Узды, дэпутат раённага савету і кіраўнік мясцовай ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна:

(Крываль: ) “90 працэнтаў людзей падпісваюцца за чалавека, які зьбірае подпісы. Таму што няма ні часу, ні магчымасьцяў, ні палітычнай адукацыі насельніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасьці, каб яны змаглі выкраіць нейкі час, каб паслухаць пра гэтых прэтэндэнтаў. А па-другое, нават калі ім добра растлумачваць, дык ня ўсе ў сельскай мясцовасьці зразумеюць, якія ідэі гэты кандыдат нясе і г.д. Але яны ведаюць, што ёсьць такі дэпутат мясцовага Савету Крываль. І калі ён прыйшоў за подпісам, то мне кажуць: “Давай, падпішуся”. Маўляў, Крываль дрэннага прапаноўваць ня будзе. І ўсё”.

На тое, што ад асобы зборшчыка подпісаў, ад яго кантактаў з выбаршчыкамі залежыць вельмі шмат, зьвяртаюць увагу прадстаўнікі каманд і іншых прэтэндэнтаў. Напрыклад, у перадвыбарчым штабе Аляксандра Мілінкевіча гэтае пытаньне рэгулярна абмяркоўваецца на пасяджэньнях актывістаў. Паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Бухвостава, тут для ўсіх зборшчыкаў подпісаў нават распрацавалі адмысловыя інструкцыі:

(Бухвостаў: ) “Кожны атрымаў інструкцыю па працы пры адкрыцьці дзьвярэй. Як кантактаваць зь людзьмі, як паводзіць сябе, што казаць, якія пытаньні і як ставіць. Ну й залежыць ад здольнасьці чалавека весьці дыялёг, размову з людзьмі, яго камунікабельнасьці, адкрытасьці, позірку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG