Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці патрапіць апазыцыя ва ўчастковыя выбарчыя камісіі?


Радыё Свабода Ад сёньняшняга дня пачынаецца масавае вылучэньне прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Ці можна спадзявацца, што туды змогуць патрапіць прадстаўнікі апазыцыі?

У склад тэрытарыяльных выбаркамаў дэмакратычныя сілы вылучалі вялікую колькасьць сваіх прадстаўнікоў. Аднак сьпісы, пададзеныя апазыцыйнымі партыямі, улады праігнаравалі: ніводзін сябра партыяў БНФ, АГП, ПКБ і БСДП (Грамада) у гэтыя камісіі ня трапіў. Літаральна адзінкі патрапілі шляхам збору подпісаў грамадзянаў. Затое ў склад тэрытарыяльных выбаркамаў масава ўвайшлі прадстаўнікі партый і грамадазкіх аб''яднаньняў, якія раней заявілі пра падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

Сябра штабу Аляксандра Мілінкевіча, юрыст Уладзімер Лабковіч прагназуе, што і ва ўчастковыя камісіі ўлада наўрад ці прапусьціць апазыцыю. Сыходзячы з ранейшай практыкі, «улады не настроеныя на правядзеньне празрыстых, дэмакратычных выбараў». Яны, паводле спадара Лабковіча, не зацікаўленыя ў захаваньні плюралізму пры фармаваньні ўчастковых камісіяў. Спадар Лабковіч тлумачыць такую пазыцыю ўладаў тым, што яны жадаюць пазьбегнуць нейкіх перашкодаў у справе фальшаваньня вынікаў выбараў.

Тым ня менш, партыі і грамадзкія аб’яднаньні, якія падтрымліваюць Аляксандра Мілінкевіча, маюць намер татальна вылучыць сваіх прадстаўнікоў у выбаркамы. Яны зьбіраюцца накіраваць кандыдатуры сваіх сябраў амаль у 5 тысячаў участковых выбарчых камісій. Нагадаем, усяго створана прыкладна 7 тысячаў выбаркамаў.

Вылучэньне будзе праводзіцца двума шляхамі – непасрэдна ад партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама шляхам збору подпісаў, асабліва ў тых рэгіёнах, дзе адсутнічаюць мясцовыя партыйныя структуры.

Напярэдадні партыі БНФ і ПКБ накіравалі звароты ва ўсе раённыя і гарадзкія выканкамы з патрабаваньнем уключыць іх сябраў у камісіі і патлумачыць парадак фармаваньня выбаркамаў. Аднак партыйныя структуры атрымалі ад уладаў фармальныя адпіскі, маўляў, усё робіцца згодна з заканадаўствам. Такім чынам, адзначае Уладзімер Лабковіч, «улады ўхіляюцца ад празрыстасьці ў фармаваньні ўчастковых камісій. А сам гэты працэс немагчыма пракантраляваць і немагчыма дамагчыся ўключэньня апазыцыі ў склад камісій».

Пра сваё вылучэньне прадстаўнікоў ва ўчасктовыя выбаркамы заявілі таксама ў штабах іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты.
XS
SM
MD
LG