Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесь Шатэрнік: “Звон Свабоды загучыць 25 сакавіка”


Міхась Скобла, Менск (эфір 14 студзеня) Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”.

Больш як год працягвалася праца над незвычайным мастацкім праектам — Звонам Свабоды. Паводле задумы ініцыятыўнай групы, ён будзе званіць на пачатку найбольш значных грамадзкіх акцыяў і мерапрыемстваў, якія будуць адбывацца ў Беларусі. Стварэньне звона каардынавалі мастак Аляксей Марачкін і скульптар Алесь Шатэрнік, які адказаў на пытаньні Міхася Скоблы.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Алесь, як узьнікла ідэя — стварыць беларускі Звон Свабоды?”

(Алесь Шатэрнік: ) “Ідэалы свабоды — даўнія каштоўнасьці чалавецтва. І гэтыя ідэалы засьведчаныя ў помніках, творах мастацтва. Тут можна прыгадаць Ніку Самафракійскую, карціну Дэлякруа “Свабода вядзе на барыкады”, тую ж Статую Свабоды ў ЗША. У некаторых гарадах Эўропы і Амэрыкі можна пабачыць і пачуць Звон Свабоды. І мне падумалася: а чаму і нам не займець свой Звон Свабоды? Плошча Свабоды ў нас жа ёсьць. Я падзяліўся задумай з Аляксеем Марачкіным, ён таксама загарэўся гэтай ідэяй”.

(Скобла: ) “І вось ідэя зрэалізавалася. Апішыце нашым слухачоў, які ён — Звон Свабоды?”

(Шатэрнік: ) “Гэта звон вагой больш за 110 кіляграмаў, адліты з бронзы. 60 сантымэтраў дыямэтрам і больш за 60 сантымэтраў вышынёй. На ім выява Пагоні, якую трымаюць анёлы, шчыт і карона”.

(Скобла: ) “Апрача гукавога сыгналу Звон Свабоды яшчэ гаворыць і літарамі. Якія словы адлітыя на яго паверхні?”

(Шатэрнік: ) “На ім зьмешчаныя выказваньні славутых дзеячаў Беларусі. “Нічога ня маець быць дарожшага над вольнасьць” — Леў Сапега, 1588; “Жыві ў свабодзе” — Кастусь Каліноўскі, 1864; “Толькі свабода” — Васіль Быкаў, 2003. Мяркуецца дадаць яшчэ два надпісы — цытаты зь Бібліі Скарыны і ІІ Устаўной граматы БНР”.

(Скобла: ) “Выраб званоў здаўна лічыўся справай ледзь не чарадзейскай. З чаго і па якой тэхналёгіі адліваўся Звон Свабоды?”

(Шатэрнік: ) “Бралася чырвоная медзь — каля 80%, астатнія 20% — волава. Не дадаць ці перадаць адзін з кампанэнтаў рызыкоўна, гэта ўжо майстэрства ды інтуіцыя ліцейшчыкаў. Дарэчы, мне даводзілася чуць, што ў званы срэбра дадаецца. Але тады званы больш крохкія атрымліваюцца. Калі падымалі маскоўскі Цар-звон, зь яго адкалоўся вялікі кавалак, і звон проста ляжыць, як помнік, не гучыць. Калі адлівалі наш Звон Свабоды, дапамаглі звычайныя бярозавыя калы. Памятаеце, калі чалавек атруціцца і страўнік чысьціць, чым ён лечыцца? Вугалем, адмысловыя пігулкі ёсьць. Вугаль — добры абсарбэнт. Для мэталаў таксама патрэбен абсарбэнт, каб сабраць дрэнныя прымешкі. Уявіце сабе: расплаўлены да 2000 градусаў мэтал разьмешваецца бярозавымі каламі. Утвараецца вугольле, шлакі ўсплываюць на паверхню, і ліцейшчык спэцыяльнай лыжкай іх зьбірае”.

(Скобла: ) “Як вывяралася і дасягалася патрэбнае гучаньне звона?”

(Шатэрнік: ) “Адліўка звона — заўсёды хвалюючы момант. Загучыць ці не загучыць? Пра гэта да апошняга моманту ніхто ня ведае. А тут удвая хвалюючы момант, бо Звон Свабоды — ужо як сакральны сымбаль для нас. Таму хацелася, каб ён меў адпаведны музычны гук. І наш звон мае гук ноты рэ-бемоль”.

(Скобла: ) “Дзе і калі Звон Свабоды мае загучаць на поўную сілу?”

(Шатэрнік: ) “Мяркуецца, што 25 Сакавіка на Плошчы Свабоды — дзе калісьці стаяла царква Ўсіх Беларускіх Сьвятых. Там цяпер пустое месца. У пэрспэктыве царкву можна было б аднавіць. Альбо аднавіць гадзіньнікавую вежу на месцы цяперашняй францускай амбасады. З царкоўнай званіцы ці зь вежы будзе гучаць звон — справа будучыні. А пакуль ён будзе ўсталяваны на часовую канструкцыю”.
XS
SM
MD
LG