Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі МАП сустрэліся з дэмакратычнымі прафсаюзамі


Радыё Свабода Дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) правяла перамовы зь лідэрамі й актывістамі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Сустрэча адбылася у рамках афіцыйнага візыту ў Беларусь кантрольнай місіі МАП.

Місія мае на мэце праверку зробленага ўрадам Беларусі ў справе выпраўленьня становішча з правамі незалежных прафсаюзаў. Нагадаем, што Міжнародная арганізацыя працы засьведчыла парушэньні правоў незалежных прафсаюзаў паводле 12 пунктаў і прапанавала ўладам Беларусі выправіць гэткае становішча яшчэ да 1 чэрвеня 2005 году. Аднак гэта зроблена не было, і зараз місія намерваецца пракантраляваць, што зроблена за дадатковы час.

Чальцоў місіі на чале з выканаўчым дырэктарам Кары Тапіёлам цікавілі дакумэнтальна пацьверджаныя меркаваньні сяброў незалежнага прафсаюзу пра выпраўленьне выяўленых парушэньняў, альбо ігнараваньне рэкамэндацыяў МАП уладамі Беларусі. Да прыкладу, ці зьніклі праблемы ў справе рэгістрацыі першасных суполак, ці захаваныя ўмовы супрацоўніцтва, у тым ліку пры падрыхтоўцы новага закону аб прафсаюзах, ці скасаваная праблема перасьледу актывістаў незалежнага руху.

Перамовы доўжыліся больш за дзьве гадзіны, бо акрамя абмеркаваньня ранейшых праблемаў, актывістам незалежнага руху даводзілася прыводзіць новыя факты парушэньня іхных правоў. Так, за апошні год зьявіліся непаразуменьні паміж сябрамі незалежных прафсаюзаў і адміністрацыямі прадпрыемстваў у Горадні, Салігорску, Барані й іншых гарадох.

Па-ранейшаму застаюцца неадноўленымі на працы сябры прафсаюзаў, якія сьведчылі пра парушэньне правоў працоўных перад чальцамі папярэдняй дэлегацыі Міжнароднай арганізацыі працы. Дарэчы, у праграме візыту кантрольнай місіі таксама заплянаваная сустрэча з гэтымі людзьмі.

Сёньня ж яны пабывалі ў адміністрацыі прэзыдэнта, у міністэрстве працы. Цягам двух наступных дзён такія ж сустрэчы адбудуцца ў Міністэрстве юстыцыі, замежных справаў, Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Прадстаўнікі місіі не плянуюць сустрэчаў з прадстаўнікамі грамадзкасьці й журналістамі. А ўсе высновы паводле афіцыйнага візыту будуць абвешчаныя пазьней.

***

Міжнародная арганізацыя працы ёсьць структурным падразьдзяленьнем Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Сябрамі МАП зьяўляюцца 178 краінаў сьвету, у тым ліку і Беларусь.

У 2004 годзе сэсія Міжнароднай арганізацыі працы пастанавіла ўжыць да Беларусі адмысловы параграф, што зьяўляецца адной з самых жорсткіх і надзвычайных мераў пакараньня, прадугледжаных статутам гэтай арганізацыі. У Беларусь была скіраваная камісія дасьледаваць стан з правамі прафсаюзаў. Яна прызнала сапраўднымі факты парушэньня правоў незалежнага прафсаюзнага руху паводле 12 параграфаў. Да 1 чэрвеня 2005 году гэтыя рэкамэндацыі мусілі быць выкананы. Паводле разгляду вынікаў працы беларускага ўраду ў гэтым кірунку, 93-я сэсія Міжнароднай арганізацыі працы пакінула адмысловы параграф па Беларусі бязь зьменаў і накіравала ў Беларусь цяперашнюю кантрольную місію.

Таксама ў зьвязку з парушэньнем правоў незалежных прафсаюзаў уладамі, Эўразьвяз не выключае, што адменіць прэфэрэнцыі ў гандлі зь Беларусьсю. Для Беларусі гэта можа азначаць эканамічныя страты больш як 250 мільёнаў эўра штогод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG