Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Скрабец не прызнае сябе вінаватым і адмаўляецца даваць паказаньні


Радыё Свабода У Вярхоўным судзе Беларусі працягваецца працэс супроць вядомага апазыцыянэра Сяргея Скрабца і ягонага брата Аляксандра Скрабца. Судовае сьледзтва пачалося з адмовы Сяргея Скрабца даваць суду паказаньні.

17 студзеня ў Вярхоўным судзе Беларусі аднавіўся працэс над Сяргеем Скрабцом і ягоным малодшым братам Аляксандрам.

Напярэдадні судзьдзя абвясьціў перапынак, каб высьветліць сапраўднасьць подпісу Сяргея Скрабца на шэрагу працэсуальных дакумэнтаў. Былы дэпутат сьцьвярджаў, што яго з гэтымі дакумэнтамі падчас сьледзтва не знаёмілі, а подпіс падрабілі.

Як высьветлілася сёньня, экспэртызу подпісу ніхто не праводзіў. Судзьдзю Віктара Ракіцкага задаволілі рапарты турэмшчыкаў, паводле якіх Скрабец нібыта знаёміўся з дакумэнтамі, а ўзор подпісу папросту мяняў.

Адхіліў судзьдзя і хадайніцтва Сяргея Скрабца пра далучэньне да матэрыялаў справы ягонай заявы аб перасьледзе з боку Аляксандра Лукашэнкі. Судзьдзя палічыў, што гэта ня мае дачыненьня да эпізодаў справы.

Далей абвінавачваньне зачытала прадстаўніца пракуратуры Асіпчык. Паводле яе, Сяргей Скрабец абвінавачваецца ў трох відах злачынстваў: вымаганьні крэдытаў на 490 тысяч даляраў, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ды ў падрыхтоўцы да дачы хабару.

Брат палітыка Аляксандр нібыта датычны да выманьваньня крэдыту. Прадстаўніца пракуроры сьцьвярджала, што доказаў іх віны дастаткова. Спадарыня Асіпчык назвала прозьвішчы больш за дзесяці сьведкаў, пералічыла шэраг дакумэнтаў ды назвала ў якасьці доказаў аўдыязапісы тэлефонных размоў Сяргея Скрабца і ягонага брата, запісаных ў выніку сакрэтных апэрацый.

Судзьдзя даў магчымасьць кожнаму з падсудных выказацца паводле прад''яўленых абвінавачваньняў. Сяргей Скрабец ад паказаньняў адмовіўся, назваўшы абсурднымі прэтэнзіі да яго з боку пракуратуры. “Гэтаксама магчыма і вас абвінаваціць”, – сказаў ён судзьдзю.

Брат Скрабца Аляксандар абраў іншую тактыку. Ён адмовіўся ад дачы паказаньняў у судзе, але пацьвердзіў ўсе, што казаў падчас сьледзтва. На просьбу прадстаўніцы пракуратуры ягоныя паказаньні былі зачытаныя. Зь іх вынікала, што Аляксандр Скрабец часткова прызнае сябе вінаватым. У прыватнасьці ён прызнае, што ведаў пра недакладнасьць дадзеных для атрыманьня крэдыту фірмай “Белбабаеўскае”, якую ён ўзначаліў пасьля Сяргея Скрабца. Але Аляксандр Скрабец не прызнае, што ад пачатку яны зьбіраліся не вяртаць крэдыты.

Што да падрыхтоўкі да дачы хабару, гэтага Аляксандр Скрабец таксама не прызнае.

Нагадаю, пракуратура лічыць, што Сяргей Скрабец рыхтаваўся даць хабар у 30 тысяч даляраў прадстаўнікам берасьцейскага суду за апраўдальны прысуд для сваяка, якога абвінавацілі ў цяжкіх злачынствах. Але паводле Аляксандра Скрабца, пра грашовую ўзнагароду гаворка не ішла. Яны з братам нібыта хацелі толькі паспрыяць вынясеньню сапраўды справядлівага прысуду. Вось што распавёў Радыё Свабода Скрабец-малодшы пра гэты эпізод:

(Аляксандр Скрабец: ) “Зьвярнулася далёкая сваячка жонкі Сяргея, што яе сына арыштавалі, абвінавацілі ў разбоі і пачалі зьбіваць, каб прызнаўся. Быў нават падрыхтаваны дэпутацкі запыт, каб не ціснулі і не выбівалі паказаньні, а разабраліся паводле закону. Выйшлі на судзьдзю. Я зь ім не сустракаўся, а Сяргей сустракаўся. Ён прасіў, каб да таго хлопца паставіліся аб''ектыўна. Бо сытуацыя была такая, што яго шмат у чым абвінавачвалі: разбой, рабаўніцтва, нават нібыта забойствы, бо там была групоўка з 5 ці 6 чалавек. Гучная была справа для Берасьцейскай вобласьці і відавочна, што бацькі казалі пра ягоную невінаватасьць”.

У матэрыялах справы ёсьць запісы тэлефонных размоваў, у якіх фігуруюць словы “грошы”, “пасярэднік”, “небясьпека”. Сьледзтва лічыць гэта ўскосным доказам злачынных намераў Сяргея Скрабца і ягонага брата. Аляксандр Скрабец патлумачыў, што яны не зьбіраліся парушаць законы, а гаворку пра грошы наўмысна заводзіў жыхар Бярозы, былы пракурорскі супрацоўнік, да якога яны зьвярнуліся па дапамогу ў гэтай справе.

Верагодна, што заўтра, 18 студзеня суд пачне апытваць сьведкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG