Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар інфармацыі: у "Народнай Волі" Казулін займаецца агітацыяй


Радыё Свабода Назіральная рада пры Цэнтравыбаркаме павінна зрабіць адмысловае заключэньне наконт артыкулу ў “Народнай Волі”, у якім Аляксандар Казулін заяўляе "Я буду прэзыдэнтам" і пакідае свой аўтограф. Меркаваньне, што назіральная рада павінная зацікавіцца гэтай публікацыяй, выказаў сёньня ў інтэрвію "Інтэрфаксу" міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч.

Раду, якая будзе прымаць рашэньні па спрэчных пытаньнях асьвятленьня выбарчай кампаніі, узначвальвае намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч.

Калі да асьвятленьня перадвыбарчай кампаніі на старонках “Народнай Волі” ў міністра Ручсакевіча ёсьць прэтэнзіі, то інфармаваньне падчас выбарчай кампаніі аб дзейнасьці кіраўніка дзяржавы, які таксама прэтэндуе на прэзыдэнцкую пасаду, паводле міністра інфармацыі не супярэчыць беларускаму заканадаўству.

Кажучы пра выкарыстаньне Інтэрнэту, міністар заўважыў, што Інтэрнэт – “вельмі ўплывовы рычаг масавай інфармацыі, хаця юрыдычна гэта нішто”.

Уладзімер Русакевіч паведаміў, што ў выпадку распаўсюду Інтэрнэт-выданьнямі несапраўднай інфармацыі да адказнасьці да адказнасьці можна прыцягваць друкаваныя вэрсіі інтэрнэтных СМІ.

Уладзімер Русакевіч заявіў "Інтэрфаксу", што праекты Эўразьвязу па арганізацыі вяшчаньня на Беларусь “выклікаюць у яго ўсьмешку”.

“Зараз распрацоўваюцца праекты паставіць перадатчыкі на мяжы Гомельскай вобласьці. Але час паказвае, што гэта не такая простая праца. Хуценька гэта не атрымліваецца”– сказаў Уладзімер Русакевіч. Паводле яго падчас тэндэру на вяшчаньне на Беларусь “палякі крыўдзяцца на немцаў, і ўся гэтая дзяльба працягваецца”.
XS
SM
MD
LG