Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Віцебскі кур''ер” наладзіў альтэрнатыўны распаўсюд газэты


Радыё Свабода, Віцебск Пасьля таго, як ад пачатку 2006 году газэту адмовіўся прадаваць “Белсаюздрук”, каля дзясятку гандляроў-распаўсюднікаў зьявіліся на гарадзкіх кірмашах і іншых шматлюдных мясьцінах Віцебска. Яшчэ дзясятак валянтэраў разносіць “Віцебскі кур''ер” па паштовых скрынях, выконваючы абавязкі мясцовай філіі “Белпошты”, якая ў першых ліках студзеня таксама скасавала дамову пра супрацоўніцтва зь недзяржаўным выданьнем.

Як распавёў камэрцыйны дырэктар выдавецкага дому “Віцебскі кур''ер” Валеры Іскібаеў, сыстэма грамадзкага пашырэньня газэты была створаная цягам тыдня:

(Іскібаеў: ) “Мы давалі ў газэце аб’яву, што запрашаем кур’ераў і гандляроў. Прыйшло вельмі шмат валянцёраў. Гэта і пэнсіянэры, і беспрацоўныя, і занятыя няпоўны працоўны дзень. А людзі ўсё ідуць і ідуць, мы іх яшчэ на ўсякі выпадак запісваем. Па адзіным нашым нумару да нас не датэлефанавацца. Людзі тэлефануюць і кажуць: "Вялікі дзякуй! Газэту атрымліваем! Трымайцеся! Мы за вас!”

На сёньняшні дзень спаміж ахвотных разносіць “Віцебскі кур''ер” конкурс як у пасьпяховую вышэйшую навучальную ўстанову – чатыры чалавекі на месца, інакш кажучы, 10 працаўнікоў і яшчэ 30 чалавек “у рэзэрве”.

Мажліва, што неўзабаве “Віцебскі кур''ер” нават зможа плаціць “ганарар” усім сваім валянтэрам, бо новая ўласная сыстэма распаўсюду, паводле словаў камэрцыйнага дырэктара спадара Іскібаева, аказалася куды больш эканамічна выгаднай, чымсьці былая, дзяржаўная.

(Іскібаеў: ) “Мы падлічылі, што эканамічна больш выгодна для нас працаваць бяз пошты і “Белсаюздруку”. Мы ж паралельна павялічваем аб''ём вулічнага гандлю, а гэта паступленьне грошай непасрэднае: прадаў – і грошы адразу нам. А “Белсаюздрук”, бывала, нам да 3-х месяцаў грошы затрымліваў. Як мы плянуем, сродкаў нам мусіць хапіць”.

Паводле спадара Іскібаева, сродкаў мусіць хапіць прынамсі на бліжэйшыя паўгоду – гэта максымальны тэрмін падпіскі патэнцыйных чытачоў. А праз паўгоду Валеры Іскібаеў не выключае зьменаў у палітычным клімаце краіны, якія дазволяць больш свабодна існаваць недзяржаўным выданьням.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG