Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнаты "Гомсельмашу" зьбіральнікаў подпісаў не дапускаюць


Радыё Свабода Гомельскія зборшчыкі подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на прэзыдэнта сутыкаюцца са шматлікімі перашкодамі. Практычна немагчыма зьбіраць подпісы ў інтэрнатах аб’яднаньня “Гомсельмаш”.

Вадзім Карнееў сабраў больш за 200 подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна. Няўдача яго напаткала ў інтэрнаце аб’яднаньня “Гомсельмаш”. Гаворыць Вадзім Карнееў:

(Карнееў: ) “Я прыйшоў у інтэрнат №10 заводу “Гомсельмаш”, што на праспэкце Касманаўтаў. Падышоў да вахтара, паказаў дакумэнты. Мне сказалі, што мяне не прапусьцяць. Тут у іх ляжыць нейкая паперка, у якой напісана: нікога нельга прапускаць зьбіраць подпісы”.

Загадчыца інтэрнату Лідзія Шаўчук удакладніла, што яна ня супраць, калі зборшчыкі подпісаў будуць сядзець у холе і чакаць жыхароў. Зборшчыкам забараняецца хадзіць у самім інтэрнаце:

(Шаўчук: ) “У нас сельмашаўскі інтэрнат, ведамасны. Пад выглядам зборшчыка можа зайсьці любы. У нас рабочыя сыходзяць на працу, а дзяцей пакідаюць дома. Прыходзяць, грукаюць, дзеці адчыняюць. Ці мала што можа быць?! Мы ж ня можам гарантаваць. Вахтарка ў нас адна, яна ж ня можа разам падняцца на паверхі”.

Яшчэ адзін аргумэнт загадчыцы супраць наведваньня пакояў наступны: людзі, якія працуюць ноччу ў трэцюю зьмену, днём адпачываюць. Ім нельга перашкаджаць.

У гомсельмашаўскім інтэрнаце на вуліцы Барыса Царыкава, 20 вахтарка Зінаіда Іванаўна таксама тлумачыць, што далей холу зборшчыкам подпісаў хадзіць нельга:

(Зінаіда: ) “Наверх нельга. У нас, калі ласка, столік, лаўка. На вуліцу мы нікога не выганяем, агітуйце каго хочаце. У нас ведамасны інтэрнат. Сказалі нам нікога ўсярэдзіну не прапускаць. Начальства загадала”.

Зь перашкодамі зборшчыкі подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на прэзыдэнта сустракаюцца ня толькі ў інтэрнатах. Ля ўнівэрмагу ў абласным цэнтры штодня стаіць перасоўны пункт збору подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча. Ужо дзён пяць сюды прыходзіць крыклівая жанчына, гучна лаецца, абзывае зборшчыкаў подпісаў амэрыканскімі агентамі:

(Жанчына: ) “Я бачу, учора яны стаялі. Бірак няма на іх, хто яны і што. Можа, яны агенты амэрыканскія!”

Міліцыя ніяк не рэагуе на падобныя крыкі і лаянку. Ахоўнікі часьцей правяраюць зборшчыкаў подпісаў, чым тых, хто ім адкрыта перашкаджае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG