Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля”: праца ў экстрэмальным рэжыме (фота)


Любоў Лунёва, Менск Рэдакцыя газэты “Народная Воля” працуе ў экстрэмальным рэжыме. Уначы супрацоўнікі рэдакцыі атрымалі 127 тысяч асобнікаў газэты. А палове на сёмую раніцы пачалі іх раскладаць у капэрты, каб даслаць поштай падпісчыкам. У невялікім памяшканьні рэдакцыі працуюць яшчэ некалькі валянтэраў і чытачы, якія прыйшлі па газэту і засталіся дапамагчы супрацоўнікам. У рэдакцыю ўвесь час прыходзяць і распаўсюднікі газэты.

Калектыў рэдакцыі адначасова займаецца распаўсюдам газэты і працуе над наступным нумарам, які ўвечары мусіць быць дасланы ў друкарню. Гэта будзе двайны нумар, у якім чытачам прапануюць некалькі журналісцкіх расьсьледаваньняў.

У памяшканьні, дзе працуюць журналісты, у калідорах рэдакцыі – паўсюль пакункі з газэтай. Апавядае чытачка Інэса:

(Інэса: ) “Я прыйшла па газэту. Паколькі я цяпер не працую, засталася дапамагчы і сабе, і “Народнай Волі”, і іншым чытачам таксама”.

Максім Прымакоў прыйшоў у рэдакцыю разам з чатырма сваімі сябрамі. Хлопцы ўладкаваліся ў канцы калідора за столікам на пачках газэты:

(Прымакоў: ) “Складаем газэту чатыры разы, а потым запакоўваем у капэрту. Сам падпісаўся на яе. Мне вельмі падабаецца працаваць тут, дапамагаць”.

Мікалай Бандарэнка прыехаў з Маладэчна. Ён забраў увесь маладэчанскі наклад газэты, каб раздаць яе тамтэйшым падпісчыкам.

(Бандарэнка: ) “Інфармацыйны голад. Я пазнаёмлюся цяпер з чытачамі ў Маладэчне. Грамадзтва ў нас і так ужо амаль аб’яднанае. Паколькі ёсьць інфармацыйны голад, газэта людзям, якія хочуць ведаць праўду, папросту неабходная”.

Шэф-рэдактар “Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна паведаміла Радыё Свабода, што праца ў такіх умовах мае станоўчыя і адмоўныя моманты:

(Калінкіна: ) “Працаваць над нумарам вельмі цяжка, бо ў нас тут вакзал, шмат людзей. Нехта клеіць капэрты, нехта рыхтуе матэрыялы, нехта іх вычытвае. Але што рабіць? Цяпер у краіне надзвычайная сытуацыя. Насамрэч, калі нешта адбываецца нетрадыцыйнае, то заўсёды гэта мае і станоўчыя, і адмоўныя вынікі.

Сапраўды, калі такія традыцыйныя схемы распаўсюду газэты былі перакрыты, то мы набылі шмат новых чытачоў, якія раней нават ня ведалі, што такая газэта існуе. Яны сталі яе атрымліваць у свае паштовыя скрыні, і вось цяпер падпісаліся. Да нас прыходзяць людзі, каб набыць газэту, бо баяцца падпісвацца. Людзі нам распавядаюць, як ідзе выбарчая кампанія. Дзе, калі, у каго выбівалі подпісы. Гэта вельмі важна, калі ёсьць такая сувязь”.

Летась у кастрычніку “Белсаюздрук” адмовіўся распаўсюджваць “Народную Волю”. Напрыканцы году “Белпошта” таксама скасавала дамову на падпіску і распаўсюд газэты. У такіх умовах калектыў рэдакцыі прыняў рашэньне самастойна стварыць альтэрнатыўную сетку распаўсюду. Двойчы наклад газэты, якая друкуецца ў Расеі, затрымлівалі на мяжы. 16 студзеня па груз паехаў сам галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч. Гэтым разам ніякіх прэтэнзіяў з боку мытнікаў не было. Супрацоўнікі рэдакцыі будуць чакаць новы наклад 18 студзеня. Яны спадзяюцца, што хутка сыстэма дастаўкі будзе адладжана, і тады праца вернецца да нармальнага рэжыму.

Шэраг недзяржаўных газэтаў апынуліся ў падобнай сытуацыі. “Наша Ніва” мае значна меншы наклад, і яе распаўсюджваюць кур’еры. Супрацоўнікі рэдакцыі таксама вымушаны дасылаць газэту поштай.

Фотарэпартаж







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG