Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы галоўны рэдактар часапісу “Magazyn Polski” (абноўлены)


Радыё Свабода У Гарадзенскім раёне каля 15-й гадзіны міліцыянты затрымалі машыну, у якой ехалі галоўны рэдактар часапіса “Magazyn Polski ў эміграцыі” Андрэй Пачобут і ягоны калега Анджэй Лісоўскі. Іх даставілі ў Гарадзенскі райаддзел міліцыі.

Спадар Пачобут паведаміў па тэлефоне нашаму радыё, што за імі сачылі тры аўтамабілі. Ён прадчуваў, што міліцыянтаў цікавіў новы нумар часопісу “Magazyn Polski ў эміграцыі”, які ён рэдагуе.

(Пачобут: ) “У машыне ёсьць некалькі дзясяткаў “Магазінаў”. Яны першае, што сказалі, калі нас затрымалі, што ў машыне ёсьць часопіс. Спрабавалі абшукаць машыну, але я ня даў бяз санкцыі пракурора”.

Сёньня ў Горадні а 6-й раніцы на кватэру да Андрэя Пачобута прыходзілі міліцыянты, каб даставіць яго ў пастарунак, але яго не аказалася дома. Паводле яго, гэта якраз магло быць зьвязана з тым, што ў праграме Беларускага тэлебачаньня “Ў цэнтры ўвагі” паведамілі, што спадар Пачобут “абвінавачваецца ў некалькіх дробных крымінальных злачынствах” і што ён “патэнцыйны крымінальнік”. Праграма выйшла пасьля таго, як у Беларусі стаў распаўсюджвацца новы нумар надрукаванага ў Польшчы часопісу “Magazyn Polski ў эміграцыі”, які рэдагуе спадар Пачобут. Дарэчы, ён зьяўляецца падазраваным толькі па адной крымінальнай справе — аб запалохваньні дырэктара Дому польскага ў Шчучыне Віктара Богдана.

***

У гарадзенскім аддзяленьні міліцыі “Дзявтоўка” ў Пачобута ўзялі тлумачэньні і каля 18-й гадзіны адпусьцілі. Яму патлумачылі, што міліцыя праводзіць праверку “паводле інфармацыі кампэтэнтных органаў” аб тым, што “ён прадстаўляецца галоўным рэдактарам “Магазына Польскага”.

Перад тым у Гарадзенскім РАУС міліцыянты забралі ў яго 50 асобнікаў часопісу “Magazyn Polski” у эміграцыі”, які ён рэдагуе, складзены пратакол канфіскацыі. Андрэй Пачобут патрабаваў, каб пры гэтым прысутнічаў ягоны адвакат Аляксандар Бірылаў, які прыехаў у РАУС, але адвакату адказалі, што спадар Пачобута там няма.

***

Сёньня ж у Горадні была часова спынена машына сябра СПБ Мечыслава Яскевіча, у якой ехала Анжаліка Борыс. Спачатку яны заўважылі, што за імі едзе міліцэйская машына, а неўзабаве міліцыянты ўключылі сырэну і гучнагаварыльнік, прымусіўшы машыну, у якой ехала кіраўніца непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў, спыніцца. Анжаліка Борыс паведаміла Радыё Свабода, што міліцыянты агледзелі багажнік, некуды патэлефанавалі, сталі патрабаваць у яе дакумэнты, але хвілінаў праз пятнаццаць адпусьцілі.
XS
SM
MD
LG