Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўную групу Мілінкевіча вінавацяць у распаўсюдзе каляндароў


Радыё Свабода Адміністрацыйная камісія Бялыніцкага райвыканкаму Магілёўскай вобласьці разгледзела справу актывіста ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, прадпрымальніка Міколы Мяцеліцы. Яго абвінавачвалі ў пашырэньні незарэгістраванай друкаванай прадукцыі. Камісія апраўдала бялыніцкага прадпрымальніка, які даводзіў, што каляндарыкі на 2006 год з фатаздымкам Мілінкевіча ня ёсьць агітацыйнымі матэрыяламі.

Абвінавачаньне Міколы Мяцеліцы грунтавалася на сьведчаньнях міліцыянтаў. Яны склалі пратакол на прадпрымальніка, калі той раздаваў каляндарыкі на 2006 год з фота Аляксандра Мілінкевіча. Міліцыянты палічылі, што каляндарыкі можна лічыць незарэгістраванай друкаванай прадукцыяй, аднак адміністрацыйная камісія Бялыніцкага раёну прыняла аргумэнты адказьніка і прызнала яго невінаватым.

Такое ж абвінавачаньне спрабуюць выставіць жыхарцы вёсцы Вішова Бялыніцкага раёну Ірыне Капытковай, якая зьбірала подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. Спадарыня Капыткова сабрала 73 подпісы, засьведчыла іх у старшыні Вішовіцкага сельсавету Натальлі Галузы. Пазьней па тых жа кватэрах прайшоў участковы міліцыянт Аляксандар Шутаў, сканфіскаваў у падпісчыкаў тыя ж каляндарыкі і склаў адпаведныя пратаколы. Зборшчыцу подпісаў могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці.

17 студзеня ў офісе абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі прэзэнтавалі плятформу дэмакратычных сілаў. Станіслаў Багданкевіч і Яраслаў Раманчук выступілі перад журналістамі, прадстаўнікамі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў і распавялі пра першыя крокі ценявога ўраду ў выпадку перамогі Аляксандра Мілінкевіча на прэзыдэнцкіх выбарах.

Плятформа, якую яны прэзэнтавалі, завецца “Стань гаспадаром у сваім доме”. Старшыня абласнога штабу Ўладзімер Шанцаў запрашаў прадстаўнікоў абласной і гарадзкой выканаўчай улады, аднак ніхто зь іх прэзэнтацыі не наведаў.
XS
SM
MD
LG