Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Іран пабудаваць ядзерную бомбу?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Аднаўленьне Іранам сваёй праграмы атамнай энэргіі выклікала ў міжнароднай супольнасьці занепакоенасьць з той прычыны, што Іран можа распрацоўваць ядзерную зброю. Ці сапраўды гэта так? І ці блізка мог падысьці Тэгеран да стварэньня атамнай бомбы? Свае меркаваньні ў гэтай праблеме выказала Радыё Свабода амэрыканская спэцыялістка ў галіне непашырэньня, новая дырэктарка Маскоўскага аддзяленьня Фонду Карнэгі Роўз Готумюлер.

На думку Роўз Готумюлер, ёсьць рэальныя падставы для трывогі. Аднак Іран яшчэ не знаходзіцца ў адным шэрагу з Паўночнай Карэяй, якая ўжо мае дастаткова плютонію для васьмі або дзевяці ядзерных бомбаў. Што тычыцца Ірану, дык, як падкрэсьліла Роўз Готумюлер, у яго яшчэ няма патрэбнай колькасьці ўзбагачанага ўрану ці плютонію, каб зрабіць бомбу. Звычайна гэта – 25 кіляграмаў высока ўзбагачанага ўрану і прыблізна 8 кіляграмаў плютонію.

Ці ёсьць адзінае меркаваньне ў міжнароднай супольнасьці, калі рэальна Іран можа зрабіць атамную бомбу, і як ставіцца да цытаваных апошнім часам зьвестак ізраільскай выведкі, што гэта можа адбыцца ўжо ў 2007 годзе?

(Готумюлер: ) “Я магу сказаць, што тут няма адзінай думкі. Ізраільцяне настойваюць на сваёй ацэнцы. Гэта можна дапусьціць, але ў самым горшым выпадку. Больш сьвежыя ацэнкі даюць Злучаныя Штаты, якія адсоўваюць тэрмін да 2011 і нават да 2015 году. Такім чынам, існуе шырокі дыяпазон ацэнак. І я думаю, што мы павінны сур''ёзна паставіцца да ўсіх ацэнак, у тым ліку і да ізраільскага прагнозу. Але памятаць, што дыяпазон ацэнак у гэтай справе шырокі”.

Тэгеран настойвае на сваім праве разьвіваць уласную ядзерную праграму ў мірных мэтах і падкрэсьлівае, што яна сапраўды ёсьць мірнай. Дык на чым жа грунтуецца міжнародная заклапочанасьць, што Іран стварае ўсё ж працуе над ядзернай зброяй?

(Готумюлер: ) “Самую вялікую заклапочанасьць выклікае тое, што Іран ствараў вельмі шырокую сыстэму сакрэтнасьці вакол сваіх ядзерных аб''ектаў. Яны знаходзяцца пад зямлёй, абсталяваныя так, што іх цяжка распазнаць з дапамогай спадарожнікавых сродкаў. Ён гэта рабіў цягам 18 гадоў, што і дало падставы меркаваць пра сур''ёзныя ваенныя ядзерныя амбіцыі Тэгерану. Калі б яго ядзерная праграма была мірнай, дык, прыкладам, яны не будавалі б такую вялікую цэнтрыфугу, якой зьяўляецца завод у Натанцы, і не стараліся б схаваць яго пад зямлёй”.

Аднак спадарыня Готумюлер падкрэсьлівае, што калі і сапраўды Тэгеран мае на мэце стварыць ядзерную бомбу, дык пакуль што знаходзіцца толькі ў працэсе, бо, акрамя здабычы дастатковай колькасьці ўзбагачанага ўрану, патрэбна правесьці яшчэ шмат іншых складаных тэхнічных працэдураў, каб вырабіць ядзерную бомбу.
XS
SM
MD
LG