Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую небясьпеку нясе дом культуры ў Полацку?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Былы жыхар Полацку Уладзімір Цыбульскі, які жыве цяпер у Варшаве, працягвае патрабаваць эвакуацыі будынку полацкага дому культуры, сьцьвярджаючы, што сродкі на рамонт гэтага будынку былі скрадзеныя і далейшае знаходжаньне ў ім пагражае жыцьцю людзей.

12 сьнежня летась Уладзімер Цыбульскі разам з групай беларусаў правёў пікет каля беларускай амбасады ў Варшаве з патрабаваньнем тэрмінова эвакуяваць людзей з будынку дому культуры, што на вуліцы Гогаля ў Полацку – зрабіць гэта ён патрабаваў яшчэ калі жыў у Полацку.

Паводле ўдзельнікаў пікету, сродкі, якія накіроўваліся на рамонт будынку, былі скрадзеныя і цяпер дом культуры знаходзіцца ў аварыйным стане. У амбасаду быў перададзены ліст да кіраўніка Беларусі з заклікам выканаць свае перадвыбарчыя абяцаньні і пакараць карумпаваных чыноўнікаў.

Сёньня, больш чым праз месяц пасьля пікету, спадар Цыбульскі прыйшоў у амбасаду па адказ, аднак там яму паведамілі, што адказ будзе накіраваны па адрасе, які ён пазначыў у звароце. Аднак у гэтым дакумэнце зваротнага адрасу не было.

(Цыбульскі: ) “12 сьнежня я накіраваў праз амбасаду зварот да прэзыдэнта з заклікам закрыць гэты дом, у якім месьціцца дзіцячая бібліятэка – там абавязкова здарыцца трагедыя, калі нічога не рабіць. Але адказу няма. Мне падаецца, што цяпер у Беларусі мала хто прыслухоўваецца да законаў, да сумленьня. Нікога не цікавіць ні жыцьцё чалавека, ні дадзенае слова”.

З тлумачэньняў супрацоўніка амбасады вынікае, што зварот спадара Цыбульскага мог быць накіраваны ў Полацак, але ці было гэта зроблена і калі, невядома.
XS
SM
MD
LG