Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брылёўка: батанічны сад “Іванаў хутар”


Ягор Маёрчык, Брылёўка, Краснапольскі раён, Магілёўшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”. (эфір 9 студзеня)

У 21 стагодзьдзі на самым ускрайку Беларусі, у Краснапольскім раёне Магілёўшчыны, я знаёмлюся з чалавекам, які ня ўмее ні чытаць ні пісаць — гэта пэнсіянэрка Антаніна Картузова.

(Картузова: ) “Я непісьменная, я нават адной клясы ня скончыла. Пайшла ў першую клясу. У маці былі вялікая сям’я, трэба было васьмёра дзяцей гадаваць, я пайшла на фэрму. Як пайшла ў 46-м, так толькі ў 83-м кінула. Столькі на фэрме без адрыву прапрацавала, а цяпер ні рук, ні ног не падыму”.

(Карэспандэнт: ) “А чытаць вы можаце?”

(Картузова: ) “Я нічога ня ўмею — не чытаю ні мэ, ні бэ. Калі грошы прынясуць, магу толькі кавыркі паставіць”.

(Карэспандэнт: ) “Хутка будуць выбары. За каго будзеце галасаваць?”

(Картузова: ) “За Лукашэнку, бо ён добры”.

(Карэспандэнт: ) “Апазыцыя вылучыла адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. Вы што-небудзь пра гэта чулі?”

(Картузова: ) “Не”.

(Карэспандэнт: ) “А нешта добрае ў Брылёўцы ёсьць?”

(Картузова: ) “Няма нічога. Тут кусты, сьвятла белага ня бачна! Абяцалі іх вырубіць, каб было відаць. Мы такое чулі ў сельсавеце: хутка вашую Брылёўку зьнясуць, парыюць трактарам”.

Паміраючая Брылёўка, дзе людзі жывуць усяго ў пяці хатах, слынная на ўсю Магілёўшчыну прыватным батанічным садам. Масквіч Іван Зотаў улетку вяртаецца на малую радзіму. Тут спадар збудаваў дамок, узяў некалькі гектараў зямлі, абнёс іх калючым дротам. Вырошчвае там дрэвы з розных краінаў і кантынэнтаў. Сваю сядзібу спадар Зотаў назваў “Іванаў хутар”.



Антаніна Картузова працягвае:

(Картузова: ) “Там растуць вялікія арэхі, і яшчэ растуць нашыя маленькія арэхі такія, як у лесе. Там шмат кустоў і добрыя яблыні. Ён вырыў дзьве сажалкі, запусьціў туды рыбу. Нейкія — такія маладыя, як вы — пералезьлі цераз калючы дрот і патруцілі рыбу. Там шмат начальства краснапольскага бывае. Па тры машыны стаяць. Там усё абгароджана, у альтанцы стаіць стол, там сядзяць і выпіваюць”.

Пасярод незаасфальтаванай Брылёўкі ў зямлю ўкапаны слуп з шыльдай. Напісана, што “Іванаў хутар” — гэта помнік прыроды мясцовага значэньня, што вакол яго забараняецца секчы дрэвы і кусты, а таксама весьці гаспадарчую дзейнасьць, якая можа зьмяніць выгляд навакольля.

Хаты вяскоўцаў параскіданыя па абодва берагі рачулкі. Стаяць яны не адна ля адной, а на пэўнай адлегласьці. Празь сьцяну быльнягу я прабіраюся да сядзібы пэнсіянэра Віктара Аляксеенкі. Гаспадар запрашае ў хату. Размову мы пачынаем з батанічнага саду.

(Віктар Аляксеенка: ) “Улетку туды прыяжджае адпачываць раённае начальства. А простага чалавека туды не пускаюць. Яны там альтанкі парабілі і добра выпіваюць”.



(Карэспандэнт: ) “У наступным годзе будуць выбары. Як народ будзе галасаваць?”

(Віктар Аляксеенка: ) “Я буду за Лукашэнку. Як я разумею, ён тут наводзіць парадак: змагаецца з карупцыяй і зь людзьмі, якія Беларусь у трубу загналі”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ведаеце, што дэмакратычныя партыі вылучылі на прэзыдэнцкія выбары свайго кандыдата — Аляксандра Мілінкевіча? Вы што-небудзь пра гэта чулі?”

(Віктар Аляксеенка: ) “Такога я ня чуў. Я яго ня ведаю. І ў газэтах пра гэта не пісалі”.

(Карэспандэнт: ) “А вы якія газэты чытаеце?”

(Віктар Аляксеенка: ) “Чацьвер” і “Сам сабе доктар”.

У працяг тэмы, што чытаюць людзі ў Брылёўцы, інтэрвію з 80-гадовым Ціханам Капуновым. У жыцьці старога дзьве бяды: слабое здароўе і зламаная тэлевізійная антэна.

(Карэспандэнт: ) “Гляджу, на вашай сьцяне вісіць вышыванка зь дзьвюма коткамі, а ўверсе — газэта “Советская Белоруссия” з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі. Навошта павесілі?”

(Капуноў: ) “Мне гэтую газэтку прынесьлі. Я ўзяў яе ды павесіў”.



(Карэспандэнт: ) “Як людзям у Брылёўцы жывецца?”

(Капуноў: ) “Хай бы гэтая Брылёўка згарэла! Якое тут жыцьцё! Жывем у кустах. Я калека і нікуды дайсьці не магу, хоць бы да таго аўтобуса”.

(Карэспандэнт: ) “А да аўтобуса далёка?”

(Капуноў: ) “Трэба ісьці кілямэтар”.

(Карэспандэнт: ) “А яшчэ якія ёсьць праблемы?”

(Капуноў: ) “Ляжаў у шпіталі. Учора ўвечары ўзяў адтуль і ўцёк. Яны, гады-бюракраты, ня хочуць лячыць. У мяне сэрца і ногі хворыя. А яны старых ня хочуць лячыць, каб яны падохлі хутчэй. Вось я два дні ляжаў, мне нават прышчэпкі не зрабілі. Я адтуль і сышоў”.

(Карэспандэнт: ) “У вас тут ёсьць батанічны сад? Былі там калі-небудзь?”

(Капуноў: ) “Быў. Але там няма нічога добрага”.

У кустах хаваецца хата цёткі Валі. Яна самая маладая жыхарка Брылёўкі. Разам з мужам працуе ў калгасе і выхоўвае сына. У будні дзень я засьпяваю цётку Валю не на працы, а ў хаце. У адпачынак калгасьнікі ідуць у міжсэзоньне: пасьля збору ўраджаю і перад новай пасяўной.

(Карэспандэнт: ) “Колькі вам гадоў?”

(Валя: ) “Трыццаць тры”.

(Карэспандэнт: ) “Як жывецца калгасьнікам?”

(Валя: ) “30 тысяч заробак. Так і жывецца”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму так мала?”

(Валя: ) “А вы ў старшыні запытайцеся!”

(Карэспандэнт: ) “А калі вы пытаецеся, што ён вам адказвае?”

(Валя: ) “А ён нічога не адказвае. Ён атрымлівае 600 тысяч, і яму хапае. Лукашэнка заробак павялічвае бюджэтнікам. А чаму б не дадаць гэтым калгасьнікам?! Ён упэўнены, што калгасьнікі пражывуць і так. Чаму яны на дзіцёнка даюць толькі 40 тысяч? Што я за гэтыя грошы магу набыць? У мяне ёсьць муж, які працуе ў калгасе на трактары. Ён атымлівае 30 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “30 тысяч плюс 30 тысяч — гэта 60. Як вы на такія грошы дзіця выхоўваеце?”

(Валя: ) “Майму сыну 15 год, і яму ня хочацца хадзіць горш за іншых”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі трэба грошай, каб апрануць маладога чалавека, якому 15 гадоў?”

(Валя: ) “Шмат! Зімовая куртка — 70 тысяч. Джынсы — 40, але адных будзе мала. Танныя боты — 50 тысяч. Пантофлі — 50. Ён ходзіць у восьмую клясу, яму ня хочацца насіць пакет, а патрэбная торба”.

(Карэспандэнт: ) “А калі ён нешта просіць, вы яму адказваеце, што няма грошай?”

(Валя: ) “Кажу, што няма. Калі мы атрымліваем “дзіцячыя”, я яму дазваляю самому набываць”.

(Карэспандэнт: ) “У сваім узросьце ён гэта разумее?”

(Валя: ) “Натуральна, што разумее. Але ён не найгорш апрануты, ёсьць яшчэ і горшыя”.

(Карэспандэнт: ) “Калі ў вас непэрспэктыўная вёска, калгас вам мусіць прапанаваць пераехаць”.

(Валя: ) “Там будуюць домікі, але іх пазабірала начальства: галоўны заатэхнік, старшыні сельсавету. У яе такі здаравенны дом, а яна яшчэ гэтую кватэру ўзяла. Навошта ёй яшчэ адна — ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “Тут у вас ёсьць батанічны сад. Што гэта такое?”

(Валя: ) “Я жыву тут пяць год і ніводнага разу там не была. Паспрабуйце туды зайсьці, там усё на замках!”

(Карэспандэнт: ) “А хацелі б патрапіць туды?”

(Валя: ) “А што мне там рабіць? Глядзець на елкі? Я на іх і зводдаль пагляджу. Я ўжо казала, на чорта гэты сад?! Узяў бы ён ды пасадзіў грушы, яблыкі, каб дзецям у школу ўраджай аддаваць. А на чорта гэтыя елкі?!”

Мясцовыя ўлады не падзяляюць скептычнага стаўленьня жыхароў Брылёўкі да батанічнага саду. У “Іванавым хутары” чыноўнікі бачаць разыначку Краснапольскага раёну. А ўлетку людзі пры пасадах яшчэ і частыя госьці гаспадара. Вяскоўцы да ўсяго ставяцца з гледзішча сялянскай рацыянальнасьці. Пры мікрафоне пэнсіянэрка Марыя Аляксеенка:

(Марыя Аляксеенка: ) “Каб ён зрабіў сьцяжынкі, каб добра было хадзіць, а то там такая трава, што нагу не працягнеш. Ён выкапаў там сажалку, але нікога туды не пускае. І грыбы там растуць, але зьбіраць іх не пускаюць. Хай бы людзі хоць грыбы зьбіралі. Што гэта такое — батанічны сад, а ўсё замкнута?! Колькі людзей па восені сюды прыяжджаюць і пытаюцца, дзе тут знаходзіцца батанічны сад. Мы пакажам. Яны туды пад’едуць, а там вісіць замок. Яны пастаяць і паедуць”.



(Карэспандэнт: ) “Брылёўка — глухі край. Вам дзеці не прапанавалі перабрацца ў горад на зіму?”

(Марыя Аляксеенка: ) “А што мы туды паедзем? Каб вы тут ўлетку пабылі! Вы паглядзіце, які ў нас вінаград. У нас тут сапраўдны рай. Я адсюль нікуды зьяжджаць не хачу!”

Можна сказаць, што спадарыні Аляксеенцы яшчэ пашанцавала, бо ейная хата стаіць на тым самым беразе рачулкі, што і цэнтар сельсавету, вёска Палаж. Гэта значыць, што да крамы ёй прайсьці полем усяго толькі адзін кілямэтар. Апроч таго, да ейнай сядзібы пры сухім надвор’і можна пад’ехаць машынай.

Іншая сытуацыя ў старасты Марыі Васіленкі. Яна жыве за рачулкай. Да сваіх суседзяў ходзіць па хісткім мастку. А каб дабрацца да ейнай хаты транспартам, трэба рабіць кола некалькі кілямэтраў. Прадстаўніцу ўлады я засьпеў у склепе. Там яна перабірала бульбу.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень!”

(Марыя Васіленка: ) “Добры! А я сяджу пад мастом!”

(Карэспандэнт: ) “Нічога страшнага. Так і сядзіце. Бульбу перабіраеце — як сёлета ўраджай?”

(Марыя Васіленка: ) “Добры, ды толькі бульба гніе — мокрае надвор’е было. Мне гэта ўжо надакучыла. Два дні сяджу і перакідваю яе з аднаго месца на іншае. А ў нас яе яшчэ, можа, мяхоў сто будзе”.

(Карэспандэнт: ) “А вы што ведаеце пра батанічны сад?”

(Марыя Васіленка: ) “Летам тут вельмі прыгожа. Прыяжджаюць розныя замежнікі. Гаспадар гэтыя дрэвы сам панасаджваў. Яны іх з-за мяжы прысылаюць. Колькі разоў я прыносіла бандэролі з насеньнем. Галоўнае, што ён гэта робіць за свае грошы”.

(Карэспандэнт: ) “Якія праблемы ў Брылёўцы?”

(Марыя Васіленка: ) “Я тут у вёсцы стараста. Калі што патрэбна, мне гавораць. Трэба было асьвятленьне — павесілі два ліхтары. У нас тут жывуць два пэнсіянэры, патрэбна ім было зерне — прывезьлі дахаты. Старшыня сельсавету ў нас добрая, пра людзей турбуецца”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі скардзяцца, што няма дарогі. Што з дарогай?”

(Марыя Васіленка: ) “Тут будуць рабіць дарогу да саду. Дарогі няма толькі з гэтага боку. А да адных нас дарогу ніхто рабіць ня будзе. Сын прывёз слупкі і хоча сам зрабіць насып. Ён хоча навесну машыну набыць, а на машыне сюды не праедзеш”.

(Карэспандэнт: ) “Ён вырашыў спачатку зрабіць дарогу, а толькі пасьля набыць машыну?”

(Марыя Васіленка: ) “Так. Каб была магчымасьць даехаць”.

(Карэспандэнт: ) “Марыя Васільеўна, у нас ёсьць сайт у Інтэрнэце, дзе можна будзе прачытаць тэкст праграмы. А яшчэ мы робім фатаздымкі нашых удзельнікаў”



(Марыя Васіленка: ) “О-о-о, не! Я ад вас уцякаю!”

(Карэспандэнт: ) “Куды вы ўцякаеце?”

(Марыя Васіленка: ) “Я лепей зноў залезу пад мост!”

(Карэспандэнт: ) “Чакайце! Куды вы зноў палезьлі пад падлогу, я ўсяго толькі хацеў вас сфатаграфаваць”.

(Марыя Васіленка: ) “Ня трэба!”

(Карэспандэнт: ) “Вылазьце!”

(Марыя Васіленка: ) “Ня буду!”

...Для людзей нетутэйшых прыватны батанічны сад “Іванаў хутар” — гэта экзотыка, для мясцовых — зьява, якой яны да канца не разумеюць і зь якой дагэтуль не зьмірыліся.
XS
SM
MD
LG