Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Я ствару вялікую карціну пад назвай “Канец тарфянога сэзону”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісала беларуская прэса 17 студзеня ў розныя гады

“Сялянская ніва”, 1926 год:

“Саюз грамадзян Б.С.С.Р. у Ч.С.Р. 22 сьнежня 1925 году ладзіў вечар у чэсьць 20 угодкаў паэтычнае дзейнасьці Янкі Купалы ў салі Акадэміцкага дому ў Празе. На сьвяткаваньне быў запрошаны чэскі прафэсар д-р Неедлы і інтэрнацыянальны хор пад кіраўніцтвам капэльмайстра Сярдзюка. Прафэсар д-р Неедлы ў уступным слове адзначыў аптымістычны характар беларускае народнае паэзыі, паказаўшы на характар антамістычны калыбельных песьняў, што літэратура беларуская неабгароджана сьценамі і мае зьмест папулярны, людовы, яна ня ёсьць такая, як заходняэўрапэйская літэратура, асабліва чэская, ня ёсьць драбязговая і што дарога па якой ідзе Янка Купала ёсьць дарога правідловая”.

“Рабочий”, 1936 год. Мастак Пашкевіч:

“Я паставіў сабе вельмі вялікую і адказную задачу — паказаць радасьць і прыгажосьць нашага жыцьця. Паказаць яе выкшталцона, яскрава, праўдзіва — так, каб кожны штрых і мазок пэндзля дыхалі бодрасьцю і энэргіяй… Я ствару вялікую карціну пад назвай “Канец тарфянога сэзону”. У ёй я высуну на першы плян новага культурнага чалавека, які засвоіў першаклясную тэхніку. Карціна прызначана для ўсесаюзнай выставы “Індустрыя сацыялізму” і па заканчэньні будзе адвезена ў Маскву на прагляд т.т. Кагановічам і Арджанікідзэ”.

“Вечерний Минск”, 1976 год:

“Плыткая Сьвіслач ня можа забясьпечыць вадой Менск… Дырэктывамі XXIV зьезду КПСС была прызначана будоўля Вялейска-Менскай воднай сыстэмы. Камсамол Беларусі аб’явіў яе сваёй ударнай будоўляй… Праз шматлікія балоты, багны, рэчкі, дарогі пракладзена больш як 60 кілямэтраў каналу шырынёй 20 мэтраў, здадзена найбуйнейшае ў Беларусі вадасховішча, якое велічынёй саступае толькі возеру Нарач… Будаўніцтва галоўнай воднай сыстэмы рэспублікі завершана. З нагоды пуску ў эксплюатацыю 16 студзеня на пятай помпавай станцыі ля вёскі Вязынкі адбыўся шматлюдны мітынг”.
XS
SM
MD
LG