Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Уладзімер Мулявін


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Калі я вучыўся ў дзесятай клясе, у наш Полацак прыехалі “Песьняры” (тады яшчэ “Лявоны”). Маімі кумірамі ўжо былі “Бітлы” і “Ролінгі”, і перад канцэртам я меў настрой досыць скептычны. Апрача ўсяго і сам канцэрт апынуўся пад пагрозаю. Як стала вядома, у гаркаме партыі, убачыўшы “Лявонаў”, выставілі ім ультыматум: або “дзікабразы” ідуць у цырульню, або гастролі адмяняюцца. На маё велізарнае шчасьце Мулявін выбраў цырульню.

Пасьля таго канцэрту я некалькі тыдняў напяваў “Александрыну”, адчуваючы, як ува мне прачынаецца зусім іншая істота. Калі не баяцца высокіх словаў, можна сказаць, што менавіта “Песьняры” далучылі мяне да нацыянальнага космасу.

На маю думку, для вяртаньня беларусам – Беларусі Ўладзімер Мулявін у музыцы зрабіў ня менш, чым Уладзімер Караткевіч у літаратуры.

Дзякуючы Мулявіну беларускую песьню засьпявалі мільёны нашых суайчыньнікаў. Яе пачулі ў шасьцідзесяці краінах на абодвух паўшар’ях. Талент і геніяльная інтуіцыя Мулявіна прынесьлі ў велізарныя перапоўненыя залі ня толькі народны мэляс, але і нацыянальную паэзію – Янкі Купалы, Максіма Багдановіча... Вы памятаеце, як на пачатку 1990-х гучала песьняроўская “Пагоня”?

Творчасьць “Песьняроў” на чале з Мулявіным зрабіла сапраўдную сьпеўную рэвалюцыю, якая, рызыкну сказаць, у краіне зь іншым мэнталітэтам мела б шанцы перарасьці ў рэвалюцыю палітычную...

12 студзеня Уладзімеру Мулявіну споўнілася б 65. Тры гады таму, у гэтыя студзеньскія дні, Беларусь разьвіталася зь ім, чалавекам, які назаўсёды застанецца ў нацыянальным Пантэоне.

Гл. таксама • Архіў перадачы "Імёны Свабоды"
XS
SM
MD
LG