Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве больш як 300 чалавек удзельнічалі ў акцыі салідарнасьці (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю – дэманстрацыі, мітынгі і пікеты – прайшлі 16 студзеня ў больш як дзясятку польскіх гарадоў і ў некаторых заходнеэўрапейскіх сталіцах. Самая масавая зь іх адбылася ў Варшаве.

У Варшаве больш за 300 чалавек – палякаў, беларусаў, украінцаў – прыйшлі да будынку прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі і Эўрапейскага парлямэнту ў Польшчы, каб патрабаваць ад уладаў Эўразьвязу накіраваць сваіх назіральнікаў у Беларусь на сакавіцкія выбары. Прадстаўнікі гэтых органаў запэўнілі прысутных, што пэтыцыі будуць перададзеныя ў Брусэль яшчэ ў панядзелак.

Потым удзельнікі акцыі зь дзясяткамі бел-чырвона-белых сьцягоў, скандуючы “Салідарнасьць зь Беларусьсю!”. “Кіеў, Менск, Варшава – супольная права!” прайшлі праз цэнтральныя вуліцы польскай сталіцы да прэзыдэнцкага палацу.

Там прадстаўнікам канцылярыі прэзыдэнта была перададзеная пэтыцыя з заклікам да Леха Качыньскага пераканаць кіраўнікоў іншых дзяржаваў Эўразьвязу, каб тыя накіравалі ў Беларусь як мага больш назіральнікаў.

(Удзельнік акцыі: ) “Я лічу, што мы павінны падтрымліваць беларусаў. Год таму я прыходзіў на дэманстрацыі падтрымкі для украінцаў і нешта зьмянілася. Хаця сёньня меў свае справы, але адкінуў усё і вырашыў, што нельга не прыйсьці”.

Потым прысутныя запалілі белыя і чырвоныя сьвечкі каля помніка Адаму Міцкевічу ў Варшаве.

***

Тым часам у Беластоку сябры шэрагу недзяржаўных арганізацыяў на ініцыятыву фундацыі імя Робэрта Шумана выпусьцілі ў паветра тысячы шарыкаў, да якіх прымацаваныя лісты да беларусаў на польскай і беларускай мове, у якіх выказваецца падтрымка для дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

(Грундстэйнэ: ) “Мы ведаем што 16-га ў Беларусі людзі ставяць сьвечкі ў вокнах і таму хочам, каб гэтыя шарыкі занесьлі і нашую падтрымку беларусам”, – кажа Іева Грундстэйнэ – каардынатарка беластоцкай акцыі.

***

Пікеты і дэманстрацыі прайшлі сёньня ў больш чым дзесяці польскіх гарадах, а таксама ў некалькіх заходнеэўрапейскіх сталіцах – напрыклад, у Стакгольме адбыліся адразу дзьве акцыі. Адтуль гаворыць журналіст Тобіяс Люнгваль.

(Люнгваль: ) “У часе акцыі выступіў шэраг людзей, у тым ліку і прадстаўнікі ўраду – адзін зь міністраў. Прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек. Цікава, што сярод арганізатараў акцыі – усе палітычныя партыі, што прадстаўленыя ў швэдзкім парлямэнце”.

Тым часам у Антвэрпэне да дня салідарнасьці было прымеркаванае ўрачыстае набажэнства ў тамтэйшай грэка-каталіцкай царкве.

Фотарэпартаж


Каля прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Варшаве


Каля прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Варшаве


Каля прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Варшаве


Каля прэзыдэнцкага палацу ў Варшаве


Каля прэзыдэнцкага палацу ў Варшаве


Калёна дэманстрантаў, удзельнікаў акцыі салідарнасьці


Калёна дэманстрантаў, удзельнікаў акцыі салідарнасьці


Украінскія ўдзельнікі акцыі салідарнасьці

Стакгольм, Швэцыя







Гл. таксама • У Менску адбылася акцыя салідарнасьці, затрыманы двое (фотарэпартаж)
XS
SM
MD
LG